У полі зроку кожны чалавек
Дні сельсаветаў у раёне сталі традыцыйнымі. Іх правядзенне спрыяе больш аператыўнаму вырашэнню некаторых праблем, паколькі кіраўнікі раённых службаў, у кампетэнцыі якіх і знаходзіцца вырашэнне таго ці іншага пытання, непасрэдна на месцы ўсё бачаць. Існуюць жа і праблемы, якія можна вырашыць толькі сумеснымі намаганнямі некалькіх арганізацый.
У Бярозкаўскім сельсавеце 30 вёсак, у дзвюх з іх ніхто не пражывае. У час чарговага дня сельсавета ў кожнай вёсцы вялі прыём грамадзян па асабістых пытаннях адказныя работнікі райвыканкома, кіраўнікі арганізацый раёна. Вынікі дня былі падведзены на пасяджэнні, якое адбылося ў актавай зале Бярозкаўскага сельскага дома культуры. Старшыня райвыканкома А.Л. Пінчук даў адзнаку той рабоце, якая вядзецца ў сельсавеце, паставіў задачы, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння. Неадкладнага таму, што яны накіраваны на паляпшэнне ўмоў жыцця вяскоўцаў. У полі зроку ўлады павінен быць кожны чалавек.
Сярод узнятых пытанняў прагучала шмат такіх, якія, па словах старшыні райвыканкома, маглі і павінны былі быць вырашаны аператыўна, іх вырашэнне не патрабуе вялікіх матэрыяльных укладанняў. Гэта, у першую чаргу, вулічнае асвятленне, больш якасная расчыстка дарог. Дарэчы, 9 лютага тэхнікай гаспадаркі ДП “Гняздзілава-Агра” быў расчышчаны пад’езд да хаты грамадзяніна С.А. Ляха (вёска Маладзеева). 9 лютага, гэта значыць адразу пасля дня сельсавета. Узнікае пытанне: а чаму не да яго? Ёсць праблемы, вырашэння якіх людзі чакаюць напружана. Гэта тычыцца, у першую чаргу, замены зношаных водаправодаў у вёсках Вітунічы, Шклянцы, Чысці Вардамскія і Чысці Мільчанскія. Тое ж тычыцца і праблемы забеспячэння чыстай вадой жыхароў аграгарадка Бярозкі. Абедзве сельгаспадаркі, якія размешчаны на тэрыторыі сельсавета, і РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” павінны вырашыць гэту задачу неадкладна – такое патрабаванне старшыні райвыканкома. Іншага не дадзена: людзі павінны піць чыстую ваду, а не тую, па якой плавае мазут і ў якой утрыманне жалеза перавышае норму.
Не чакала старшыня сельвыканкома Я.С. Каралевіч пытанняў, якіх дзень назад не існавала і наконт якіх да яе не звярталіся за дапамогай. Напрыклад, 8 лютага яна размаўляла па тэлефоне з жыхаром вёскі Мацееўцы, тэлефонная лінія працавала, а 9 лютага ўжо ўзнікла праблема. Не звяртаўся і наконт кольцаў для калодзежа Юрый Аксаміт з вёскі Чысці Мільчанскія.
У насельніцтва з такімі днямі звязаны добрыя пачуцці: людзі бачаць клопат пра іх дзяржавы. Трэба адзначыць, што на прыёмах не ўздымаліся пытанні па рабоце ўстаноў адукацыі і медыцынскіх устаноў.
Марыя ЛУК’ЯНЕНКА.