Дзеля ўмацавання грамадскай бяспекі і дысцыпліны
На мінулым тыдні адбылася чарговая – ХХ – сесія раённага Савета дэпутатаў 25 склікання з удзелам старшыні райвыканкома Алега Леанідавіча Пінчука. У рабоце сесіі прыняў удзел начальнік Віцебскага ўпраўлення ўнутраных спраў генерал-маёр міліцыі Аляксандр Ціханавіч Найдзенка. Вяла сесію старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Уладзіміраўна Сівіцкая.
Асноўнае пытанне, якое было вынесена на абмеркаванне дэпутатаў, – гэта ход выканання рашэння Докшыцкага раённага Савета дэпутатаў ад 30 сакавіка 2009 г. № 88 “Аб рабоце органаў дзяржаўнай улады па забеспячэнні правапарадку і барацьбе са злачыннасцю ў святле патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2004 г. № 1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”. На пачатку сесіі да прысутных дэпутатаў і запрошаных звярнуўся старшыня райвыканкома Алег Леанідавіч Пінчук, які падкрэсліў, што пасяджэнне не павінна быць фармальным, яго мэта — не толькі ацаніць станоўчыя моманты работы, але і акрэсліць недахопы і недапрацоўкі ў дадзеным кірунку і знайсці шляхі іх ліквідацыі. Старшыня райвыканкома лічыць, што асабліва востра ў зрэзе праблемы грамадскай бяспекі і правапарушэнняў стаіць пытанне алкагалізацыі насельніцтва.
З асноўным дакладам па першым пытанні выступіў пракурор раёна Сяргей Аляксандравіч Куратнік. Далей слова трымаў начальнік аддзела ўнутраных спраў палкоўнік міліцыі Міхаіл Іванавіч Архіпаў, дэпутаты.
Па выніках 2009 года ў раёне назіраецца зніжэнне ўзроўню злачыннасці ў параўнанні з 2008 годам з 422 да 305 выпадкаў. У ЛПП на лячэнне накіраваны 60 асоб. Адзінаццаць чалавек абмежаваны ў дзеяздольнасці ў сувязі з тым, што яны ставяць свае сем’і ў цяжкае матэрыяльнае становішча. З 22 да 5 знізілася колькасць злачынстваў, якія здзейснілі непаўналетнія.
Разам з тым, на высокім узроўні застаецца колькасць злачынстваў, якія здзейснены ў стане алкагольнага ап’янення. Каля 55 працэнтаў з агульнай колькасці злачынстваў складаюць крадзяжы, таму асаблівая ўвага павінна надавацца папярэджанню злачынстваў супраць уласнасці. У мінулым годзе адбыўся рост злачыннасці ў такіх сельсаветах, як Валкалацкі (з 6 да 9), Парплішчанскі (з 9 да 11) і Крыпульскі (з 16 да 18). У 2009 годзе зарэгістравана 47 ДТЗ (2008 г. – 43), у якіх загінулі 14 чалавек. Адбылося ў мінулым годзе 48 пажараў, у якіх загінулі 7 чалавек, у тым ліку адно дзіця. Найбольш складаная сітуацыя з пажарамі на тэрыторыях Бягомльскага пассавета, Сітцаўскага, Крулеўшчынскага сельсаветаў. Па віне асоб, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, адбылося 12 пажараў. Падводзячы вынікі, старшыня райвыканкома зазначыў, што ва ўсіх адмоўных фактах ёсць недапрацоўка кіраўнікоў усіх узроўняў на сваіх участках работы. Трэба сачыць і за бяспекай грамадзян, і за дысцыплінай на працоўных месцах, тым больш, што гэтага патрабуе Дырэктыва Прэзідэнта № 1. А.Л. Пінчук гаварыў пра тое, што трэба стварыць нармальныя ўмовы працы для работнікаў арганізацый, забяспечыць строгае выкананне працоўнай дысцыпліны, пастаянна праводзіць мерапрыемствы па ахове працы, сачыць за тэхнікай бяспекі, каб захаваць жыцці і здароўе людзей. А таму, калі кожны ў сваім калектыве навядзе парадак, шпарчэй пойдзе справа і са станам агульнага правапарадку. Звярнуў старшыня райвыканкома ўвагу і на тое, што для прафілактыкі дзіцячых злачынстваў адных карных мер недастаткова. Падлетак павінен мець альтэрнатыву пустому баўленню часу. Трэба праводзіць мерапрыемствы не дзеля чарговай справаздачы, а каб зацікавіць моладзь.
З улікам заўваг і прапаноў, якія паступілі ў ходзе абмеркавання, было прынята адпаведнае рашэнне. Разглядаліся на сесіі і іншыя пытанні.
Наталля НАВІЦКАЯ.