Ажыццявілі права на грамадзянскі абавязак

Выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў, што прайшлі, адзначаліся вялікай актыўнасцю выбаршчыкаў.
– Яшчэ ў дні датэрміновага галасавання да выбарчай урны прыйшлі 160 чалавек, – адзначае старшыня Валкалацкага выбарчага ўчастка № 17 Іосіф Георгіевіч Альхімёнак. – Апошнімі ў час датэрміновага галасавання кінулі бюлетэні ў урну маладыя Аляксандр і Іна Дач, пасля таго як адбылася ўрачыстая цырымонія заключэння шлюбу паміж гэтымі маладымі людзьмі (на здымку). І гэта вельмі сімвалічна. Аляксандр і Іна — нашы мясцовыя жыхары, Іна працуе ў Валкалаце, Аляксандр заканчвае сельскагаспадарчую вышэйшую навучальную ўстанову. Яны галасавалі за кандыдатаў у дэпутаты, бо ўжо ведаюць, што ад работы мясцовай улады залежыць іх далейшае жыццё ў вёсцы.

У дзень выбараў першай на ўчастак завітала пенсіянерка з Віржаў Леакадзія Уладзіміраўна Ермаковіч. Яна сказала, што самае галоўнае для яе, каб на тэрыторыі сельсавета, раёна быў парадак. Гэта датычыцца і грамадскай бяспекі і правапарадку, і добраўпарадкавання. Самы наплыў выбаршчыкаў назіраўся каля 10 гадзін, якраз перад службай у касцёле. Дзесьці к 13 гадзінам на ўчастку прагаласавала каля 80 працэнтаў выбаршчыкаў.

Арганізавана, па-дзелавому праходзіў выбарчы працэс на Камсамольскім выбарчым участку № 2. Сюды прыходзілі жыхары вуліц Камсамольскай, імя Калініна, Юбілейнай, часткі вуліц імя Чарняхоўскага, Палявога і іншых, што ў Докшыцах, каб прагаласаваць за кандыдатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў.

– На выбарах важны кожны голас, – зазначыў старшыня выбарчай камісіі Валерый Іосіфавіч Бальчэўскі. – Таму вельмі прыемна, што людзі так актыўна выконваюць свой грамадзянскі абавязак – спяшаюцца да выбарчай урны. Міхаіл Антонавіч Пятровіч прыйшоў нават раней, чым адкрыўся выбарчы ўчастак. Прыйшлося яму вярнуцца дадому, але ў 8 гадзін ён зноў быў першым разам з сынам і нявесткай. Адразу з раніцы члены выбарчай камісіі Вольга Плыгаўка і Таццяна Васюковіч паехалі з урнай да тых выбаршчыкаў, якія па стане здароўя не могуць наведаць выбарчы ўчастак. Такіх у нас 36 чалавек. У час самага вялікага наплыву выбаршчыкаў на ўчастак завіталі самадзейныя артысты з ГЦК, якія паказалі невялікі, але цікавы канцэрт.

Узровень грамадзянскай актыўнасці жыхароў нашага раёна заўсёды быў высокім, не стаў ён меншым і на апошніх выбарах.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота А. Лабынькі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *