Дзень Крыпульскага сельсавета

20 красавіка адбыўся дзень Крыпульскага сельсавета. На тэрыторыі сельсавета размешчана 18 населеных пунктаў, у 16 з іх жывуць людзі. У кожную населеную вёску на сустрэчу з жыхарамі былі адпраўлены адказныя работнікі райвыканкома, кіраўнікі арганізацый раёна. У час прыёму грамадзян ішла шчырая размова аб жыцці вяскоўцаў, гаварылі пра недахопы ў арганізацыі бытавога абслугоўвання, пра водазабеспячэнне, навядзенне парадку на зямлі, рамонт дарог і пра шматлікае іншае. Вынікі дня сельсавета былі падведзены ў той жа дзень у памяшканні Крыпульскага сельскага дома культуры старшынёй раённага выканаўчага камітэта Алегам Леанідавічам Пінчуком.

Падчас сустрэч з насельніцтвам паступіла шмат зваротаў грамадзян, сярод якіх асабістыя і калектыўныя. Падзяліць усе звароты можна практычна на 4 групы: водазабеспячэнне, рамонт дарог, добраўпарадкаванне, апрацоўка прысядзібных надзелаў. Не выклікала папрокаў медыцынскае і гандлёвае абслугоўванне, у адрас адпаведных службаў гучалі толькі ўдзячныя словы з вуснаў жыхароў Крыпульскага сельсавета. Поўнасцю задаволены станам жыццезабеспячэння жыхары вёсак Гняздзілава, Атрубок, Дзехцяры і Куты. Іх жыхары ўнеслі толькі пэўныя прапановы, накшталт: зрэзаць старое дрэва, не складзіраваць арганічныя ўгнаенні каля дарогі.

Праблемным, як высветлілася з прыёму грамадзян, з’яўляецца пытанне апрацоўкі прысядзібных участкаў. Пра гэта гаварылі жыхары вёсак, якія ўваходзяць у склад ААТ “Докшыцкі райаграсервіс”. Бадай што ў кожным населеным пункце ёсць праблема з дрэнным станам дарог: выбітыя за год ямы, парэзаныя коламі каляіны замінаюць нармальнаму руху транспартных сродкаў, пешай хадзе. Падсыпка дарог і іх грэйдзіраванне – не такая ўжо і праблема. Рашыць гэта пытанне могуць мясцовыя сельгаспадаркі і камунальная служба раёна, якой неабходна набыць грэйдэр. Жыхары вёскі Мацееўцы прасілі таксама паставіць павільён на месцы прыпынку аўтобуса.

Як зазначыў напрыканцы пасяджэння старшыня райвыканкома А.Л. Пінчук, амаль усе агучаныя пытанні трэба вырашаць кожнаму кіраўніку на сваім участку, не чакаючы, калі іх уздымуць на дні сельсавета. Паднятыя пытанні трэба здымаць, а не пераносіць іх выкананне далёка наперад.

* * *

На дні сельсавета ў Крыпулях старшыні пассельвыканкомаў трымалі справаздачы аб выкананні пастаўленых перад імі задач у ходзе правядзення дзён кожнага савета.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *