Ідэалагічная і спартыўная работа — эканамічна мэтазгодныя
На мінулым тыдні ў малой зале райвыканкома адбыўся семінар-нарада з работнікамі, якія адказваюць за ідэалагічную работу ў працоўных калектывах. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі каля сарака працоўных калектываў.
Пра тое, хто такія абавязаныя асобы і якая работа з імі павінна весціся ў працоўных калектывах, гаварыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкома Р.В. Дуж. Начальнік аддзела эканомікі райвыканкома Н.С. Ждановіч падрабязна расказала пра рэспубліканскі суботнік. Яна паведаміла, што заробленыя сродкі пасля пералічэння на рахунак фінансавага аддзела райвыканкома будуць накіраваны на рахунак фінансавага ўпраўлення аблвыканкома. Яны пойдуць на добраўпарадкаванне помнікаў, месцаў баявой славы і пахаванняў.
Начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Д.Д. Парцянка ў сваім выступленні ацаніў узровень правядзення спартыўна-фізкультурнай работы ў працоўных калектывах. Ён паведаміў, што з праведзеных у гэтым годзе 8 раённых спартыўных спаборніцтваў у сямі прыняла ўдзел толькі адна арганізацыя, у шасці – дзве, у пяці – адна, у чатырох – дзве. Большасць арганізацый прынялі ўдзел у адным-двух спаборніцтвах альбо праігнаравалі іх. На гэта, безумоўна, уплывае і той факт, што, па даных на першага студзеня 2010 года, ні ў адной з раённых арганізацыі не было інструктара па фізкультурна-спартыўнай рабоце, які б працаваў на поўную стаўку. У 2009 годзе шэсць інструктараў працавалі на паўстаўкі. Скарачэнне ставак такіх работнікаў кіраўнікі часта тлумачаць эканамічнай немэтазгоднасцю. Але ж заняткі спортам даюць эмацыянальную і псіхалагічную разгрузку, умацоўваюць здароўе, згуртоўваюць калектыў і дапамагаюць наладзіць у ім належны мікраклімат. “Тады ж пра якую эканамічную немэтазгоднасць можа ісці гаворка?” – паставіў пытанне Дзмітрый Данілавіч.
Пра правядзенне выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў гаварыла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкома А.І. Гапанёнак. Наступны блок выступлення Аксаны Іванаўны быў цалкам прысвечаны падрыхтоўцы да святкавання 65-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У раёне пражывае сёння 191 ветэран той вайны. І ўсе яны без выключэння заслугоўваюць увагі не толькі напярэдадні свята, а заўжды. Яны жывыя сведкі страшных падзей, а значыць, лепшы прыклад патрыятычнага выхавання для моладзі. А таму на плечы тых, хто непасрэдна адказвае за ідэалагічную работу ў калектыве, кладзецца адказнасць за тое, каб гэтыя людзі не засталіся не толькі без дапамогі. Ды і ўвогуле, ідэалагічная работа ў калектыве па розных кірунках павінна быць бачнай. Вытворча-эканамічныя паказчыкі – гэта гарант фінансавага іміджу арганізацыі. Работа ж ідэолага – гэта ўмацаванне мікраклімату ў калектыве, павышэнне прэстыжу працы менавіта ў гэтай арганізацыі. А значыць, зніжэнне “цякучкі” кадраў, замацаванне маладых спецыялістаў, стварэнне работніку добрага настрою. Усё гэта самым непасрэдным чынам адлюструецца на ўзроўні вытворчасці.
Наталля НАВІЦКАЯ.