Скаргі трэба папярэджваць
За 2009 год райвыканкомам, упраўленнямі і аддзеламі, пассельвыканкомамі былі ажыццёўлены 17334 адміністратыўныя працэдуры па заявах грамадзян. На 12 працэнтаў зменшылася колькасць зваротаў грамадзян у райвыканком і на 36 працэнтаў зваротаў, якія паступілі з вышэйстаячых дзяржаўных органаў.
Па інфармацыі, якую прадставіла на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое прайшло на мінулым тыдні, намеснік начальніка ўпраўлення спраў райвыканкома Эла Уладзіміраўна Давідовіч, у мінулым годзе ў райвыканком паступіла 336 пісьмовых і вусных зваротаў, што менш, чым было ў папярэднім годзе. У 2009 годзе кіраўніцтвам райвыканкома праведзена 84 асабістыя прыёмы ў райвыканкоме, у тым ліку старшынёй – 26, а таксама праведзена 36 выязных прыёмаў, арганізавана за год тры “прамыя лініі”, працягваецца работа па арганізацыі сустрэч з насельніцтвам у ходзе правядзенняў дзён пассельсаветаў.
Найбольшая колькасць зваротаў, што паступае ў райвыканком, тычыцца пытанняў жыллёвага заканадаўства. Грамадзяне падымаюць пытанні паляпшэння жыллёвых умоў, індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва, выдзялення субсідый і крэдытаў, а таксама пытанні жыллёва-будаўнічых кааператываў.
Працягваюць заставацца актуальнымі пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, хаця ў параўнанні з папярэднім годам іх колькасць зменшылася.
А вось колькасць зваротаў грамадзян па пытанні землеўпарадкавання і землекарыстання павялічылася больш чым у два разы. Скаргі грамадзян у райвыканком, аблвыканком і іншыя вышэйшыя інстанцыі аб вырашэнні зямельных спрэчак часта выкліканы тым, што дапускаюцца памылкі пры выкананні работ па ўстанаўленні, аднаўленні і замацаванні межаў зямельных надзелаў, якія выконваюцца без прысутнасці сумежных землекарыстальнікаў.
З мэтай паляпшэння работы па дэбюракратызацыі дзяржаўных органаў функцыянуе сістэма зваротнай сувязі з грамадзянамі па пытаннях дэбюракратызацыі, утрымання, якасці і арганізацыі ажыццяўлення адміністратыўных працэдур шляхам адкрыцця спецыялізаванай старонкі “Дэбюракратызацыя дзяржаўнага органа” на афіцыйным сайце райвыканкома.
У райвыканкоме створана служба “адно акно” – сектар па рабоце з насельніцтвам па заяўніцкім прынцыпе ўпраўлення спраў райвыканкома. Арганізаваны прыём грамадзян з панядзелка да суботы без абедзеннага перапынку.
На пасяджэнні райвыканкома было адзначана, што ўсё ж у рабоце з грамадзянамі маюць месца парушэнні іх правоў і законных інтарэсаў. Згодна з прынятым рашэннем, работа ўпраўленняў, аддзелаў райвыканкома і пассельвыканкомаў прызнана недастатковай. Упраўленням і аддзелам райвыканкома, пассельвыканкомам неабходна прыняць вычарпальныя меры па далейшым удасканаленні арганізацыі работы па ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур па заявах грамадзян, захаванні парадку і тэрмінаў іх ажыццяўлення, па няўхільным захаванні патрабаванняў Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2007 года № 498 “Аб дадатковых мерах па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб”.
* * *
На пасяджэнні райвыканкома былі абмеркаваны таксама пытанні аб разглядзе пастановы калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці ад 4 снежня 2009 года № 19 “Аб выніках праверак па пытанні захавання зямельнага і прыродаахоўнага заканадаўства ў Віцебскай вобласці”; аб плацяжах у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, аб аказанні платных медыцынскіх паслуг і некаторыя іншыя пытанні. Па ўсіх іх прынялі адпаведныя рашэнні.