Парушэнні на жніве
Камітэтам дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці 20 ліпеня бягучага года вывучана сітуацыя з гатоўнасцю матэрыяльна-тэхнічнай базы і ходам уборкі зерневых і зернебабовых культур у гаспадарках Аршанскага і Чашніцкага раёнаў.
У 3-х з 4-х правераных гаспадарках не была забяспечана гатоўнасць часткі збожжаўборачных камбайнаў. У СВК “Зубрэвічы” Аршанскага раёна з 7 камбайнаў, што меліся ў гаспадарцы, былі задзейнічаны на ўборцы зерневых культур 5. Адзін з іх не быў падрыхтаваны да работы, для яго рамонту не было запчастак. У другога падчас руху да месца ўборкі ўзніклі праблемы з гідраходам. У КУВСГП “Сабалі” Чашніцкага раёна з 6 камбайнаў, што ёсць у наяўнасці, 2 не плануюць задзейнічаць у рабоце па прычыне патрэбнасці значных фінансавых затрат на іх рамонт (каля 60 млн. руб.). З 4-х астатніх 1 не быў падрыхтаваны да работы з-за адсутнасці неабходных запчастак для яго ў дылерскім цэнтры. Яшчэ ў адным камбайне, які ўжо прымаў удзел ва ўборцы, выйшаў са строю рухавік. Камбайн з Чашніцкага льнозавода, што працаваў у “Сабалях”, таксама на некаторы час выйшаў са строю: спачатку мянялі рухавік, потым чакалі з сервіснага цэнтра маторнага масла. Між тым, у аператыўнай інфармацыі райсельгасхарчу на 20 ліпеня гаспадаркай прыпісана гатоўнасць аднаго неадрамантаванага камбайна. У ААТ “Чашніцкі райаграсервіс” з 8 камбайнаў не былі падрыхтаваны да работы 2, рамантаваліся, 3 былі няспраўнымі, рамантавалася “Ліда-1300”, чакаў у полі прыбыцця гарантыйнай службы для замены рухавіка “КЗС-10”, у рамонтнай майстэрні знаходзіўся “КЗС-10К”. У аператыўнай інфармацыі гатоўнасці і ў гэтай гаспадарцы значыўся адзін няспраўны камбайн.
Не ўсе зернесушылкі ў вывучаных гаспадарках былі падрыхтаваны да работы, што стрымлівала дапрацоўку зерня. У КУВСГП “Ударнік” Аршанскага раёна з 3-х былі гатовы толькі 2. У вышэйзгаданым КУВСГП “Сабалі” з кастрычніка 2009 года прастойвае на пляцоўцы зернятока набыты новы паветранагравальнік, аплачаны ўласнымі і бюджэтнымі сродкамі, не плануюць яго ўстанаўліваць і сёлета.
Выяўлены факты няякаснай уборкі збожжавых культур, звышнарматыўных страт збожжа збожжаўборачнымі камбайнамі. Ва “Ударніку” камбайн “КЗС-1218” вёў уборку на высокім зрэзе, дзе-нідзе да 15 см, у асобных месцах заставаліся не ўбранымі палеглыя ўчасткі ячменю. У “Зубрэвічах” “КЗС-10” працаваў пры павышаных абаротах матавіла, і за жняяркай на зямлі заставаліся зрэзаныя і неабмалочаныя ячменныя каласы. У ААТ “Чашніцкі райаграсервіс” камбайнам “КЗС-10” пры ўборцы азімай пшаніцы дапускаліся звышнарматыўныя страты збожжа ў мякіне. Патрэбна была рэгуліроўка аднаго камбайна і ў чашніцкіх “Сабалях”, другі ж быў вернуты з поля ў мехмайстэрні для рамонту з-за няякаснай уборкі. У гэтай жа гаспадарцы не было праверана трое вагаў. У КУВСГП “Сабалі” Чашніцкага раёна і СВК “Зубрэвічы” Аршанскага раёна не былі прыняты вычарпальныя меры па забеспячэнні належнага кантролю за выкарыстаннем гаруча-змазачных матэрыялаў.