Выкананне прагнозных паказчыкаў
Пытанне аб выкананні прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, у тым ліку ў малых гарадскіх паселішчах, у студзені – чэрвені 2010 года, фінансавым стане арганізацый і выкананні графіка рэалізацыі інвестыцыйных праектаў было разгледжана на апошнім пасяджэнні райвыканкома.
Намеснік старшыні райвыканкома Л.В. Мальчык у сваім дакладзе адзначыла, што ў раёне забяспечана станоўчая дынаміка развіцця народнагаспадарчага комплексу раёна. Не дапушчана сур’ёзных перабояў у рабоце бюджэтнай сферы. Па выніках работы за студзень – май 2010 года ў раёне няма стратных прадпрыемстваў. Забяспечана выкананне заданняў па стварэнні працоўных месцаў, зніжэнні ўзроўню беспрацоўя як у цэлым па раёне, так і ў малых гарадскіх паселішчах.
Разам з тым, не выкананы ўстаноўленыя на 2010 год заданні па большасці прагнозных параметраў: па вытворчасці прамысловай прадукцыі, спажывецкіх тавараў, уводзе жылля, мэтавага паказчыка па энергазберажэнні. Не дасягнуты ўзровень аналагічнага перыяду 2009 года па экспарце тавараў, інвестыцыях на прадпрыемствах мясцовага падпарадкавання і прадпрыемствах па бязведамаснай падпарадкаванасці.
Не дасягнута зацверджанае заданне па рознічным тавараабароце, платных паслугах, валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. Рэнтабельнасць ад рэалізацыі прадукцыі ў цэлым па раёне склалася на ўзроўні 0,1 працэнта супраць 2,6 працэнта за студзень – май 2009 года.
У сваім рашэнні Докшыцкі раённы выканаўчы камітэт прызнаў недастатковай арганізацыйную работу адказных работнікаў райвыканкома і кіраўнікоў многіх арганізацый. Таму патрэбна прыняць безадкладныя меры па выкананні прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця за 7 месяцаў бягучага года, а таксама забяспечыць строгі кантроль за выкананнем устаноўленых на 2010 год параметраў прагнозу.
Аб выніках выканання бюджэту раёна за першае паўгоддзе 2010 года далажыла начальнік фінансавага аддзела райвыканкома М.В. Паляніна.
У бюджэт раёна за справаздачны перыяд паступіла 9901,2 мільёна рублёў падаткаў, збораў і іншых абавязковых плацяжоў. Да гадавых планавых назначэнняў гэта складае 45,8 працэнта. Рост даходаў да папярэдняга года забяспечаны на 13,8 працэнта.
Падатку на прыбытак у бюджэт раёна паступіла 343,7 мільёна рублёў, што на 85,3 мільёна рублёў больш, чым у мінулым годзе, аднак гадавы план выкананы на 43,9 працэнта. Паменшылася эфектыўнасць гаспадарчай дзейнасці плацельшчыкаў. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі за студзень – май 2010 года склала 0,1 працэнта, у 2009 годзе – 2,9 працэнта. Падаходны падатак вышэйшы за мінулагодні на 621,8 мільёна рублёў, або на 21,8 працэнта.
Расходы бюджэту раёна за І паўгоддзе 2010 года склалі 29 мільярдаў 844 мільёны рублёў, або амаль 49,9 працэнта ад гадавых планавых прызначэнняў. Бюджэт збярог сваю сацыяльную накіраванасць: расходы на сацыяльна-культурную сферу і сацыяльную палітыку склалі 21 мільярд 782 мільёны рублёў, або 73 працэнты ў аб’ёме бюджэту раёна.
На 1 ліпеня 2010 года запазычанасць па ўсіх відах даўгавых абавязкаў у цэлым па раёне склала 34 мільярды 970,4 мільёна рублёў, або 58,4 працэнта ад бюджэту раёна на 2010 год. Памяншэнне да ўзроўню пачатку 2010 года склала 8,4 мільёна рублёў.
Раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне, накіраванае на забеспячэнне стабілізацыі даходнай часткі бюджэту вобласці, мабілізацыі рэзерваў, забеспячэнне эканоміі бюджэтных сродкаў.
Па наступным пытанні, якое разглядалася на пасяджэнні, намеснік старшыні райвыканкома М.М. Маркавец далажыў аб рэалізацыі мерапрыемстваў па выкананні Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2007 – 2010 гады. Ён адзначыў, што ў раёне праводзіцца мэтанакіраваная работа па паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі і выяўленні прычын, што ўплываюць на дэмаграфічныя тэндэнцыі. Гэта дазволіла за 6 месяцаў 2010 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года павялічыць на 25 працэнтаў нараджальнасць, паменшыць агульную смяротнасць на 7 працэнтаў, колькасць шлюбаў павялічыць на 5 працэнтаў, паменшыць колькасць разводаў на 54 працэнты.
У раёне назіраецца зніжэнне колькасці забойстваў на 33 працэнты да адпаведнага перыяду мінулага года, колькасць смерцяў ад атручвання алкаголем паменшылася ў 3,5 раза. За 6 месяцаў 2010 года зарэгістравана 102 злачынствы, што на 17,7 працэнта менш у параўнанні з адпаведным перыядам 2009 года. Колькасць здзейсненых цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў да ўзроўню мінулага года паменшылася і склала 71 працэнт. Агульная колькасць ДТЗ паменшылася з 12 да 6, колькасць загінуўшых засталася на ўзроўні мінулага года. З 83 чалавек да 8 паменшыўся адток насельніцтва з раёна. Не ўдалося паменшыць колькасць загінуўшых на пажарах.
На пасяджэнні райвыканкома было заслухана таксама пытанне аб стане аховы працы на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна і задачах па прафілактыцы вытворчага траўматызму.
У сваім дакладзе начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкома В.Ф. Малаш інфармаваў, што ў шэрагу гаспадарак, прадпрыемстваў і арганізацый раёна створана і дзейнічае сістэма ўпраўлення аховай працы, праводзіцца навучанне кіраўнікоў і працуючага персаналу бяспечным прыёмам працы.
Распрацаваны і здзяйсняюцца арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы па паляпшэнні ўмоў працы. Сярэдні паказчык затрат па раёне на выкананне мерапрыемстваў па ахове працы ў разліку на аднаго працуючага склаў 46,4 тысячы рублёў.
За шэсць месяцаў бягучага года работнікі аналагічнага ўпраўлення наведалі 42 арганізацыі, дзе аказалі метадычную дапамогу. За парушэнне патрабаванняў заканадаўства аб працы і правілаў па ахове працы 4 адказныя асобы аштрафаваны на суму 1 197 тысяч рублёў. За невыкананне патрабаванняў Дырэктывы № 1 спынены працоўныя адносіны з 13 работнікамі, у тым ліку і за распіццё спіртных напояў. За 6 месяцаў 2010 года дапушчана 3 траўмы з лёгкім зыходам.
Райвыканком па дадзеным пытанні прыняў адпаведнае рашэнне, каб забяспечыць належныя ўмовы аховы працы, папярэдзіць выпадкі вытворчага траўматызму.