У аснове — арганізацыя работ і дысцыпліна
Аператыўная нарада ў райвыканкоме адбылася ў панядзелак. Вёў нараду старшыня раённага выканаўчага камітэта А.Л. Пінчук. Было разгледжана выкананне прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця за сем месяцаў бягучага года. Шэраг з іх не выкананы. Колькасць занятых у эканоміцы і ўзровень заработнай платы – два галоўныя паказчыкі, якія сведчаць аб узроўні жыцця насельніцтва, і якія пры ўмове выканання іншых паказчыкаў будуць забяспечаны. І надалей сур’ёзная ўвага будзе надавацца пашырэнню відаў і якасці платных паслуг насельніцтву ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі. Выкананне прагнозных паказчыкаў залежыць ад тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны, што складаюцца на прадпрыемствах. За дасягненне пэўных планаў выплачваецца зарплата, да таго ж кіраўнікам, спецыялістам, работнікам арганізацый выплачваюцца прэміі. Не павінна быць такога, каб прагнозны паказчык быў не выкананы, а прэмія выплачана.
У сельскагаспадарчай галіне старшыня райвыканкома паставіў канкрэтныя задачы: да серады закончыць уборку зерневых, закрыць дзяржзаказ па продажы зерня, прыступіць да ўборкі кукурузы, убраць з палёў салому, актывізаваць узворванне глебы пад азімыя культуры. Да ўборкі ўраджаю бульбы, гародніны ў гэтым годзе плануецца прыцягнуць студэнтаў.
600 чалавек стаіць у чарзе на будаўніцтва жылля. Людзі за свае грошы хочуць пабудаваць якаснае жыллё. Забяспечыць выкананне гэтай патрэбы павінна галоўная будаўнічая арганізацыя ДКУБП “Докшыцкая ПМК-52”. Таму пры патрэбнай арганізацыі работы спецыялістаў гэту задачу неабходна выканаць. Хапае работы і ў дарожнікаў раёна. Пры той зарплаце, якую атрымліваюць рабочыя і спецыялісты дарожнай службы, стан дарог павінен быць лепшым.
На нарадзе падрабязна абмяркоўваўся ўзровень зарплаты ў арганізацыях раёна. Ёсць шэраг арганізацый, сярэднемесячная зарплата якіх трымаецца на ўзроўні 500 долараў або каля гэтага. Але ёсць і шэраг арганізацый, дзе зарплата складае 200 долараў ці толькі крыху вышэй. Прычынай нізкага ўзроўню сярэднемесячнай заработнай платы, лічыць старшыня райвыканкома, з’яўляецца дрэнная арганізацыя вытворчасці. Не павінна быць пустых цэхаў, запоўненых складоў. Шчыльны графік работы ад кіраўніка і спецыяліста да кожнага асобна ўзятага работніка прынясе свае вынікі. Дасць станоўчы вынік і строгае выкананне службовых абавязкаў, тэхналагічнай дысцыпліны. Зарплата павінна зарабляцца. Рэзерв здольнасцяў, жадання, умення ў кіраўнікоў і спецыялістаў ёсць, засталося яго выкарыстаць на карысць людзям.
Старшыня райвыканкома патрабаваў падрыхтаваць на патрэбным узроўні школы раёна да навучальнага года. А таксама забяспечыць пажарабяспечную сітуацыю ў раёне, працягваць барацьбу супраць п’янства, актывізаваць дзейнасць сельвыканкомаў па развіцці асабістых падворкаў грамадзян.
Людміла ГІЛЬНІЧ.