Дзень Сітцаўскага сельсавета
Падчас правядзення дня Сітцаўскага сельсавета старшыня райвыканкама А.Л. Пінчук, старшыня райсавета В.У. Сівіцкая, намеснікі старшыні райвыканкама, начальнікі ўпраўленняў, аддзелаў райвыканкама, кіраўнікі арганізацый раёна сустрэліся з жыхарамі ўсіх населеных пунктаў сельсавета. У гутарках з мясцовым насельніцтвам былі выслуханы іх просьбы, праблемы. Трэба адзначыць, што такія сустрэчы раённай улады з насельніцтвам сталі традыцыйнымі, і яны даюць пэўны станоўчы відавочны вынік. У гэтым змаглі ўпэўніцца тыя, хто не аднойчы ўдзельнічаў у правядзенні Дня Сітцаўскага сельсавета і наведваў розныя яго населеныя пункты. Прыкметны кантроль за навядзеннем парадку ля многіх двароў, на вуліцах, увага да людзей з боку старшыні сельсавета І.Ч. Януковіч, якая пастаянна наведваецца нават у аддаленыя вёскі сельсавета.
Пры правядзенні выніковага пасяджэння ў дзень сельсавета пытанняў, з якімі звярнуліся жыхары, было названа няшмат: палепшыць жыллёвыя ўмовы; навесці парадак у будынку былой сталовай, каб можна было арэндаваць памяшканне для правядзення розных мерапрыемстваў; прывезці дроў; адрамантаваць дарогу да могілак і некаторыя іншыя. Усе яны вырашальныя. Іх выкананне будзе знаходзіцца на кантролі ў раённым Савеце дэпутатаў.