Па аздараўленні стратных прадпрыемстваў
На калегіі Камітэта дзяржкантролю вобласці было разгледжана пытанне “Аб сітуацыі і мерах, якія прымаюцца ў вобласці па аздараўленні стратных прадпрыемстваў, у тым ліку арганізацый бязведамаснай падпарадкаванасці”. Старшыня Камітэта дзяржкантролю вобласці В.М. Максімаў адзначыў, што канкрэтных мер патрабуе работа са стратнымі прадпрыемствамі з боку мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Па стане на 1 чэрвеня бягучага года ў цэлым па вобласці стратнымі былі 726 арганізацый або 4,3 працэнта, якія знаходзяцца на падатковым уліку і якімі атрымана страт на суму больш чым 120 мільярдаў рублёў. 83 працэнты прадпрыемстваў ад агульнай колькасці, або 599 арганізацый, – гэта арганізацыі бязведамаснай падпарадкаванасці, якія здалі справаздачу ў падатковыя органы вобласці аб наяўнасці амаль 50 мільярдаў страт. А між тым, ад ліквідацыі стратнасці такіх арганізацый прама залежыць напаўняльнасць бюджэту, перспектывы развіцця рэгіёна.
Вынікі праведзенага аналізу сведчаць аб тым, што ў шэрагу раёнаў не забяспечваецца выкананне даручэння Кіраўніка краіны па недапушчэнні стратнай работы дзяржаўных або з доляй дзяржаўнай уласнасці арганізацый. Згодна са звесткамі аблвыканкама, па выніках работы за студзень — ліпень бягучага года стратнымі сталі 35 арганізацый, якія падпарадкаваны мясцовым выканаўчым і распарадчым органам. У тым ліку ў г. Віцебску – 12, Талачынскім раёне – 5, у гарадах Наваполацку і Полацку, а таксама Міёрскім, Аршанскім і Чашніцкім раёнах – па два, Шумілінскім, Лепельскім, Расонскім, Глыбоцкім, Дубровенскім, Полацкім, Пастаўскім, Бешанковіцкім раёнах – па адным прадпрыемстве.
Калегія вынесла прапановы, якія накіраваны на аздараўленне і скарачэнне колькасці стратных прадпрыемстваў.