Аб парадку на вытворчых аб’ектах
Камітэт дзяржкантролю вобласці на чарговым пасяджэнні калегіі разгледзіў вынікі кантрольных мерапрыемстваў па выкананні даручэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытанні навядзення належнага парадку на механізаваных дварах і жывёлагадоўчых фермах, а таксама гатоўнасці жывёлагадоўчых ферм да зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы. Адзначалася, што мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі вобласці прымаюцца пэўныя меры па забеспячэнні выканання дадзенага даручэння Кіраўніка дзяржавы. У сельгасарганізацыях вобласці ў бягучым годзе праведзена значная работа па навядзенні і падтрыманні належнага парадку на вытворчых аб’ектах.
Разам з тым, кантрольнымі мерапрыемствамі, якія былі праведзены ў кастрычніку бягучага года ў 5 раёнах вобласці, высветлена, што даручэнне не было выканана ў поўным аб’ёме. На частцы тэрыторый абследаваных вытворчых аб’ектаў своечасова не ўбіралася пустазелле, смецце, у асобных месцах тэрыторыя была захламлена.
Складаная сітуацыя з навядзеннем належнага парадку на тэрыторыі вытворчых аб’ектаў у сельгасарганізацыях Талачынскага, Дубровенскага, Шумілінскага, Браслаўскага, Шаркаўшчынскага, Сенненскага раёнаў. Многія факты сведчаць пра тое, што з боку райвыканкамаў не былі прынятыя неабходныя меры па безумоўным выкананні даручэння Кіраўніка дзяржавы.
У ходзе кантрольных мерапрыемстваў таксама былі ўстаноўлены факты неналежнай падрыхтоўкі шэрагу жывёлагадоўчых памяшканняў да зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы. Больш таго, у чатырох гаспадарках на дзень наведвання вяліся работы па рамонце 6 жывёлагадоўчых памяшканняў.
Камітэт дзяржкантролю даручыў аблсельгасхарчу разгледзіць матэрыялы калегіі і прыцягнуць вінаватых асоб да адказнасці адпаведна з заканадаўствам.