Дэлегаты ад раёна — удзельнікі сходу
Дэлегаты ад раёна — удзельнікі сходу
Учора ў Мінску завяршыўся Чацвёрты Усебеларускі народны сход. Удзел у ім прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Усебеларускі народны сход – адна з найважнейшых форм улады народа ў рэспубліцы. Гэты інстытут грамадска-палітычнага жыцця стаў дзейнічаць у Беларусі з другой паловы 1990-х гадоў па ініцыятыве дзеючага Прэзідэнта.
На сходзе былі абмеркаваны пытанні, якія тычыліся вынікаў рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006 — 2010 гады. Удзельнікі разглядзелі таксама асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011 — 2015 гады, іншыя важныя пытанні дзяржаўнага і грамадскага жыцця. Дэлегатамі ІV Усебеларускага сходу сталі 2,5 тысячы чалавек. Сярод тых, каму даверана прыняць важныя для дзяржавы рашэнні, сем прадстаўнікоў нашага раёна, а таксама дэлегатам ад нашага раёна абраны дырэктар СТАА “Марка”, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь М.В. Мартынаў.
Увечары першага дня работы сходу мы звязаліся па тэлефоне з нашымі землякамі – удзельнікамі форуму. Сваімі ўражаннямі яны падзяліліся з чытачамі райгазеты.
Ірына Расціславаўна Кірыенка,
настаўніца рускай мовы і літаратуры УА “Докшыцкая ДАСШ № 1”:
– Я ўдзячна лёсу за падарунак, які ён мне зрабіў у выглядзе паездкі на IV Усебеларускі народны сход. Гэта вялікая падзея для ўсіх, а для дэлегатаў з’езда асабліва. Шчыра кажучы, старалася злавіць і запомніць кожнае імгненне трохдзённага прабывання побач з лепшымі людзьмі краіны.
Глыбокае ўражанне пакінуў даклад Прэзідэнта. Палажэнні, знаёмыя па Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2011 – 2015 гады, непасрэдна з выступлення кіраўніка дзяржавы ўспрымаліся зусім па-іншаму: больш глыбока і змястоўна. Мяне, як прадстаўніка вялікай арміі работнікаў адукацыі, радуе, што першачарговай задачай у сферы адукацыі названа якасць навучання, стварэнне гнуткай сістэмы падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў у адпаведнасці з патрэбамі інавацыйнага развіцця. Бліжэй з інавацыйнымі тэхналогіямі, сучаснымі дасягненнямі беларускай навукі мелі магчымасць пазнаёміцца на сустрэчы з прэзідэнтам Акадэміі Навук Рэспублікі Беларусь М.У. Мясніковічам, калі знаходзіліся на пасяджэнні секцыі. Незабыўнае ўражанне пакінула культурная праграма, распрацаваная для дэлегатаў з’езда.
Людміла Уладзіміраўна ФЕДАРЭЦ, аператар па адкорме буйной рагатай жывёлы СВК “Таргуны”:
– Усебеларускі народны сход – мерапрыемства грандыёзнае. Як для мяне, вясковага чалавека, такая масавасць ужо была ўражаннем. Аднак, канечне, не гэта галоўнае. Сустрэча з Прэзідэнтам Беларусі – падзея не кожнага дня. Вельмі цікавым і вельмі шчырым было яго выступленне. Аляксандр Рыгоравіч гаварыў проста і адкрыта. Разам з дасягненнямі не абмінаў і праблемы. Прыемна, што Прэзідэнт дасканала ведае праблемы простага чалавека-працаўніка. Увогуле, усе тыя праекты, якія запланаваны ім на будучыню, накіраваны на паляпшэнне якасці жыцця простага чалавека. Галоўная задача дзяржавы – падтрымка маладых сем’яў, пажылых людзей, дзяцей, паляпшэнне работы ў сферах абслугоўвання, а таксама адукацыі, аховы здароўя. Ведаеце, пасля выступлення Прэзідэнта, а асабліва, калі зайграў гімн Рэспублікі Беларусь, мяне перапоўніла неўтаймаванае пачуццё гонару за нашу краіну. Прыбавілася сіл, упэўненасці, жадання жыць і працаваць на дабрабыт нашай радзімы.
Сяргей Уладзіміравіч Абірала,
дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства “Гняздзілава-Агра”:
– Тое, што сход сапраўды народны, сведчыць склад яго ўдзельнікаў. Толькі з нашага раёна выбралі дэлегатаў з розных сфер дзейнасці. Цікава было паслухаць усё, што гаварылася ў выступленнях. Былі гэта пытанні першачарговай важнасці.
Асабліва мяне закранула тэма развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці і ўзнаўлення вёскі. Ніхто не хаваў, што сёлетні год для сельскагаспадарчай вытворчасці краіны быў складаным. Ад экстрэмальных умоў надвор’я пацярпелі ўсе нашы бліжнія і далёкія суседзі. Разам з тым, выбраны ў Беларусі шлях развіцця аграрнай галіны дазволіў захаваць станоўчыя тэндэнцыі па асноўных пазіцыях сельскагаспадарчай вытворчасці: аб’ём вырабленай прадукцыі забяспечвае харчовую бяспеку краіны, пакрывае патрэбы ўнутранага рынку, частка яе пастаўляецца ў Расію. Створаны патэнцыял аграрнай галіны Беларусі з’яўляецца вынікам рэалізаваных у апошнія гады арганізаваных мерапрыемстваў як на рэспубліканскім узроўні, так і на рэгіянальных узроўнях. Сельгасвытворцам аказваецца пастаянна ўзрастаючая дзяржаўная дапамога. Менавіта за яе кошт пабудавана на нашым прадпрыемстве малочна-таварная ферма. Як адзначыў Прэзідэнт краіны, і далей дзяржава будзе падтрымліваць як дзяржаўную форму ўласнасці сельскагаспадарчай вытворчасці, так і фермерства. Наперадзе не менш грандыёзныя планы, аднак дысцыпліна ў спалучэнні з сучаснымі тэхналогіямі дасць станоўчы вынік.
Напярэдадні ад’езду на важны нацыянальны форум наш карэспандэнт сфатаграфаваў дэлегатаў.
На здымку: у цэнтры старшыня райвыканкама А.Л. Пінчук і старшыня райсавета В.У. Сівіцкая (злева направа ў першым радзе), настаўніца УА “Докшыцкая ДАСШ №1” І.Р. Кірыенка, аператар па адкорме буйной рагатай жывёлы Л.У. Федарэц, другі рад (злева направа): галоўны санітарны ўрач ДУ “Докшыцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” А.М. Прыгажонак, дырэктар ДП “Гняздзілава-Агра” С.У. Абірала, дырэктар РУВП “Бягомльскі завод “Ветразь” А.У. Сіўко.