Докшыцкая дэлегацыя ў гасцях у Доме Урада
Дэлегацыю ўзначальвала старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Сівіцкая. У яе склад увайшлі старшыні пассельсаветаў, дэпутаты раённага, пасялковага, сельскіх Саветаў, а таксама кіруючыя і адказныя работнікі раённага выканаўчага камітэта, некаторых прадпрыемстваў і грамадскіх арганізацый. Адразу, як толькі перапоўненыя хвалюючымі эмоцыямі члены дэлегацыі трапілі ў Дом Урада, іх запрасілі наведаць экспазіцыю карцін самадзейнага мастака з Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці Анатоля Галушкі. У фае Авальнай залы ўвазе наведвальнікаў былі прадстаўлены цудоўныя пейзажы беларускай прыроды, якія напісаў чалавек, трымаючы пэндзаль у зубах. Жыццёвы подзвіг Анатоля Галушкі, які стаў інвалідам 1-й групы ў 17 год, высока ацаніў Прэзідэнт краіны.
Але, як бы цікава ні было на выставе, усе чакалі сумеснага пасяджэння Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, якое вось-вось павінна было пачацца. Хацелася на свае вочы ўбачыць залу пасяджэнняў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, адчуць тую рабочую атмасферу, у якой працуюць народныя выбраннікі. І вось Докшыцкая дэлегацыя заняла прадстаўленыя ёй месцы. Пасяджэнне пачалося. Уважліва слухалі выступленне намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь С.М. Румаса. Ён адзначыў, што ўраду ўдалося пераламаць сітуацыю па шэрагу складаных пытанняў у эканоміцы і выйсці на паступальны рух у кірунку эканамічнага росту. Прырост УВП за 9 месяцаў да адпаведнага ўзроўню 2010 года склаў 7 працэнтаў. Аб’ём прамысловай вытворчасці ў параўнанні з перыядам студзень — кастрычнік мінулага года склаў 110 працэнтаў. Вырасла прадукцыйнасць працы. Працягваецца рост аб’ёмаў вытворчасці ў сельскай гаспадарцы. Забяспечваюцца дастаткова высокія тэмпы росту інвестыцый у асноўны капітал – 114,3 працэнта пры прагнозе на год 116-117 працэнтаў. Румас падкрэсліў, што найбольш праблемным зараз застаецца ўзровень інфляцыі. Але аналіз за лістапад сведчыць аб яе запавольванні. Улічваючы, што асноўныя рашэнні аб павышэнні цэн, якія рэгулююцца, ужо прыняты, прагназуецца яшчэ больш істотнае замаруджванне інфляцыі. Вялікую цікавасць выклікала адкрытая размова, у час якой члены ўрада адказвалі на пытанні парламентарыяў. Дэпутат С.А. Сямашка пацікавіўся канкрэтнымі дзеяннямі ўрада ў сферы самарэгуляцыі і самаарганізацыі бізнесу і прапанаваў апрабаваць дадзеныя падыходы ў канкрэтнай галіне беларускай эканомікі. Ім жа было ўзнята пытанне аб устанаўленні нулявой стаўкі ППВ пры рамонце і абслугоўванні замежнага аўтамабільнага транспарту, якія ажыццяўляюцца на тэрыторыі краіны. Дэпутат В.С. Маёраў запытаў пра вынікі, якія чакае ўрад ад мер па стабілізацыі цэн, а дэпутат В.П. Гур’янаў – аб прагнозах росту цэн на дызпаліва і на праезд у грамадскім транспарце.
Дэпутат А.І. Антоненка папрасіў надрукаваць у сродках масавай інфармацыі тлумачэнні наконт методыкі разліку рэальнай заработнай платы. Дэпутат З.М. Манздроўская запыталася наконт таго, ці дастатковыя меры прымае ўрад па папярэджанні працоўнай міграцыі і стымуляванні вытворчасці працы.
Свае пытанні задавалі і члены Савета Рэспублікі: В.В. Рабец – аб высокіх працэнтных стаўках па крэдытах, павышэнні актываў банкаў і мерах, якія прымае ўрад па стабілізацыі банкаўскага сектара; П.П. Шэршань – аб выкананні валавага рэгіянальнага прадукту і спажывання рэгіёнамі паліўна-энергетычных рэсурсаў; А.П. Морава – аб узаемасувязі прадукцыйнасці працы і беспрацоўя, а таксама аб узроўні спажывецкай здольнасці заработнай платы. Усяго ў час сумеснага пасяджэння парламентарыямі было зададзена 43 пытанні.
Пасля заканчэння пасяджэння Старшыня Палаты прадстаўнікоў У.П. Андрэйчанка цёпла прывітаў членаў дэлегацыі, пацікавіўся іх уражаннямі аб рабоце Парламента і выказаў шчырыя пажаданні. Фота на памяць з Уладзімірам Паўлавічам стала яшчэ адной важнай падзеяй.
Заключным акордам наведвання Дома Урада стала знаёмства з экспазіцыяй, прысвечанай важнейшым этапам гісторыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У час экскурсіі члены дэлегацыі даведаліся, што Дом Урада па праекце вядомага архітэктара Іосіфа Лангбарда быў пабудаваны ў 1935 годзе. Да сённяшняга часу ён захаваўся практычна без перабудоў. Цікава было пабачыць першыя дакументы ўдзельнікаў першага пасяджэння парламента, дакументы першых сесій і многія іншыя, якія ўжо зараз сталі гістарычнымі экспанатамі.
Насычаная праграма дала магчымасць атрымаць поўнае ўяўленне аб тым, як працуюць дэпутаты Парламента, як яны валодаюць абстаноўкай у краіне, клапоцяцца аб жыцці грамадзян, якія іх надзялілі паўнамоцтвамі народных выбраннікаў. Магчыма, нехта сябе прадставіў у ролі дэпутата, але тут жа і задумаўся, якая гэта цяжкая ноша і адказная справа. У любым выпадку для кожнага члена дэлегацыі паездка ў сталіцу застанецца незабыўнай і вельмі карыснай, за што словы вялікай удзячнасці Уладзіміру Паўлавічу Андрэйчанку.
НА ЗДЫМКАХ: фота на памяць з У.П. Андрэйчанкам; члены дэлегацыі на выставе мастака А. Галушкі.