Цікавіць рыбалка
На пытанні грамадзян, што тэлефанавалі на “прамую лінію” 30 сакавіка, адказваў намеснік начальніка Бягомльскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Сяргей Ягоравіч Захарэвіч.
– Ці можна лавіць рыбу з лёду пасля 1 красавіка?
– З 1 красавіка па 30 мая дазволена толькі аматарскае рыбалоўства, з адпаведнымі ўмовамі, якія ўказаны ў пункце 136 часткі 13 Правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі. Сярод астатніх патрабаванняў незабароненай лоўлі, што і з’яўляецца адказам на пытанне, там указана, што вудзіць рыбу можна толькі ў светлы час сутак і толькі з берага.
– Пасля 1 красавіка можна лавіць шчупака?
– Забарона на лоўлю шчупака працягнецца толькі да 31 сакавіка. У красавіку любую рыбу можна лавіць у светлы час сутак з берага адной вудай з адным кручком ці спінінгам, які аснашчаны штучнай прынадай з адным адзінарным, двайным ці трайным кручком не большым за № 10 па міжнароднай класіфікацыі № 1.
– У якіх месцах і на якіх вадаёмах дазволена рыбалка ў час забароны?
– У час забароны аматарская рыбалка з выкананнем усіх патрабаванняў (вышэй названых) дазваляецца на ўсіх вадаёмах, акрамя тых, якія знаходзяцца на асабліва ахоўных тэрыторыях. Напрыклад, рыбачыць на вадаёмах, што знаходзяцца на тэрыторыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка, можна толькі па спецыяльным дазволе. Выдае такія дазволы адміністрацыя ББЗ.
– З якога чысла можна выкарыстоўваць для лоўлі рыбы плаўсродкі?
– Пасля заканчэння тэрміну забароны плаўсродкі можна выкарыстоўваць. Аднак яны павінны мець бартавы нумар. Карыстацца імі можна толькі ў светлы час сутак.
– Дзе можна зарэгістраваць гумавую лодку?
– Рэгістрацыяй плаўсродкаў займаецца дзяржаўная інспекцыя маламерных судоў (ДІМС). Докшыцкі раён абслугоўвае Чашніцкая ДІМС.
– Змены ў Правілах дазваляюць вудзіць рыбу мірожай. Удакладніце ўмовы рыбалкі такім спосабам.
– Згодна з арт. 103 Правіл вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, платнае аматарскае рыбалоўства з выкарыстаннем самаробных традыцыйных нацыянальных прылад лоўлі, вырабленых з натуральных прыродных матэрыялаў, можна здзяйсняць у фондзе рыбалоўных угоддзяў, якія перададзены ў арэнду. Што тычыцца мірожы, то яна павінна быць аднакамернай, памерам не большым за 150 на 100 на 100 сантыметраў з дыяметрам вонкавай уваходнай адтуліны не большым за 70 сантыметраў і крыламі даўжынёй да 2-х метраў.
– Чаму ў нашай рэспубліцы не дазваляецца лавіць рыбу сеткамі, як у некаторых іншых краінах?
– Правілы вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства Рэспублікі Беларусь аматарскае рыбалоўства з выкарыстаннем сетак не прадугледжваюць.
Запісала Таццяна СТАДОЛЬНІК.