Дрэўны сок

Вясной у прыродзе ўсё ажывае. У дрэвах пачынаецца актыўны рух сокаў. Многія чакаюць гэты прыродны працэс, каб назапасіцца бярозавым сокам. У лясніцтвах для нарыхтоўкі соку адводзяцца спецыяльныя ўчасткі лесу, дзе грамадзяне могуць папоўніць свае запасы гэтым смачным і лекавым напіткам у неабходнай колькасці. Там жа сок можна купіць, па дапушчальным кошце. У лясніцтве спецыялісты абавязкова растлумачваюць, дзе можна нарыхтоўваць сок, знаёмяць з тэхналогіяй здабычы дрэўнага соку і кантралююць увесь працэс.

Тэхналогія нарыхтоўкі зусім простая. У камлёвай частцы дрэва на вышыні 30-35 сантыметраў ад карэннай шыйкі свідруюць падсочную адтуліну пад невялікім нахілам уніз дыяметрам 1 сантыметр і глыбінёй 2-3 сантыметры (без уліку кары). Перад свідраваннем можна сякерай зняць грубую кару без пашкоджання лубу. Падсочныя адтуліны дазваляецца прапілоўваць бензапілой без зняцця кары. Прапіл павінен уяўляць сабой зрэз пад вуглом не большым за 30 градусаў ад вертыкальнай восі дрэва, даўжынёй не большай за 10 сантыметраў, глыбінёй да 2-х сантыметраў без уліку таўшчыні кары. Пад прасвідраванай адтулінай ці прапілам устаўляецца жалабок з нержавеючай сталі. Колькасць адтулін залежыць ад таўшчыні дрэва: пры дыяметры 20-26 сантыметраў – адна, 27-34 – дзве, 35-40 – тры, звыш 40 – чатыры. Пасля заканчэння сезона падсочкі жалабкі трэба зняць, а адтуліны закрыць драўлянай пробкай і змазаць варам, садовай маззю, глінай з вапнай ці жывіцай, якая ўтрымлівае 15-20 працэнтаў драўніннага вугалю. Гэта папярэдзіць захворванне дрэў.
Трэба нагадаць, што нарыхтоўка бярозавага соку варварскім спосабам (з парушэннем тэхналогій і ў неўстаноўленых месцах) караецца законам. Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях за такія дзеянні прадугледжаны штраф да 20 базавых велічынь. Да таго ж, вінаватыя павінны будуць аплаціць шкоду, нанесеную прыродзе, у памеры 0,1 базавай велічыні за адно пашкоджанае дрэва. Калі незаконна здабыты сок канфіскаваць немагчыма, трэба будзе заплаціць і за яго: 10 базавых велічынь за тону.

Вывад напрошваецца адназначны: лепш нарыхтоўваць сок правільна і ў дазволеных месцах абсалютна бясплатна, чым траціцца на немалыя штрафы.

С. ЗАХАРЭВІЧ,
намеснік начальніка
Бягомльскай МРІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *