Каб захаваць багацце планеты

Бягучы 2011 год Генеральнай Асамблеяй ААН аб’яўлены Міжнародным годам лясоў.

Лес Бярэзінскага біясфернага запаведніка ўяўляе сабой унікальны па тыпалагічнай разнастайнасці і ўзроставых асаблівасцях прыродны комплекс, характэрны для паўночна-ўсходняй часткі нашай рэспублікі. Галоўнае яго значэнне – захаванне біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці.

У гэтым плане найбольшую цікавасць уяўляюць сасновыя лясы, якія займаюць больш за 45 працэнтаў тэрыторыі запаведніка. Сасна – непатрабавальная драўняная парода, якая можа расці як на самых бедных пясчаных глебах, так і на тарфяных балотах. У паўночнай частцы запаведніка найбольш шырокараспаўсюджаныя высокаўзроставыя (старэйшыя за 80 гадоў) сасновыя бары з ізумрудным мохавым покрывам і мноствам ягаднага кустоўя. Гэтыя лясы служаць выдатным месцапражываннем для многіх звяроў і птушак. Нярэдка тут можна сустрэць і гаспадара нашых лясоў – бурага мядзведзя.

Тут жа, на мяжы Бярэзінскага і Ражнянскага лясніцтва, па накіраванні ад поймы Бярэзіны да водападзелу заложаны паўночны геабатанічны профіль, на якім ужо больш за 40 гадоў вядуцца пастаянныя навуковыя даследаванні.

Вялікую цікавасць уяўляюць і яловыя лясы. Хоць плошча іх намнога меншая (каля 8 працэнтаў), іх роля ў захаванні біяразнастайнасці яловых лясоў вельмі вялікая. Асаблівую значнасць маюць змешаныя яловыя лясы на мінеральных астравах сярод балот. Тут яны захаваліся ў некранутым выглядзе: векавыя, дрымучыя і глухія з мноствам буйных дрэў-ветэранаў. Гэта сапраўдная кладоўка для захавання біялагічнай разнастайнасці, бо з вялікімі дрэвамі і стваламі, што рухнулі (мёртвай драўнінай), звязана каля 30 працэнтаў відавой разнастайнасці, якая ўласціва лясным экасістэмам. У першую чаргу гэта тычыцца шматлікіх насякомых, лішайнікаў, грыбоў і водарасцяў. Захаваць гэтыя ўнікальныя куткі – адна з найгалоўнейшых задач запаведніка.

В. ІЎКАВІЧ,
намеснік дырэктара
па НДР Бярэзінскага
біясфернага запаведніка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *