Кнігі, цырк і фігурнае катанне
Нядаўна настаўніца 4 “А” класа Докшыцкай школы № 1 Алена Іванаўна Вахавіч арганізавала для сваіх вучняў і іх бацькоў цікавую паездку. Першая частка была адукацыйна-пазнавальнай. Вялікія і маленькія экскурсанты пабывалі на МКСК «Мінск-Арэна», нават паглядзелі спаборніцтвы па фігурным катанні “Маленькія зорачкі Беларусі”. Потым наведалі Нацыянальную бібліятэку – жамчужыну нашай рэспублікі. Атрымалі масу ўражанняў і ад афармлення бібліятэкі, і ад яе каштоўнага змесціва. Пабывалі ў музеі кніг, бачылі самую маленькую і самую вялікую кнігі.
Забаўляльная праграма пачалася ў другой палове дня. “Вандроўнікі” схадзілі на прадстаўленне ў цырк, пачаставаліся ў Макдональдсе, прагуляліся па сталічных вуліцах.
І дарослыя, і дзеці былі вельмі ўдзячныя Алене Іванаўне за прыемна праведзены час.
– З настаўніцай нашых дзяцей нам вельмі пашчасціла, – казалі бацькі. – Яна ніколі не шкадуе свайго вольнага часу для вучняў. Шмат праводзіць мерапрыемстваў сумесна з бацькамі. Учыняе святы нават для бабуль і дзядуляў сваіх выхаванцаў. Вельмі шкада, што Алена Іванаўна з намі апошні год, бо 4 клас – выпускны ў пачатковай школе.
Валерыя ВЕРАСНЁВА.
НА ЗДЫМКУ: вучні 4 “А” класа Докшыцкай школы № 1 і іх бацькі на “Мінск-Арэне