Ручнік з роднай хаты

Вось ужо другі год пры Гарадзішчанскай сельскай бібліятэцы дзейнічае клуб пад назвай “Жаночыя сакрэты”. Нядаўна адбылося яго чарговае пасяджэнне, нешта накшталт урока-экскурсіі – “Па ручніку, што з роднай хаты, мы пазнаём сваю Радзіму”. Бібліятэкар Раіса Вярцінская падрыхтавала тэарэтычную даведку аб тым, як у даўнейшыя часы выкарыстоўваўся ручнік у Беларусі. Ён быў неад’емным атрыбутам і вясельнай урачыстасці, і радзіна-хрэсьбіннай, і жалобнай абраднасці. Вешалі ручнік таксама на крыжах-абярэгах.

Пачыналася наша пасяджэнне з верша Яўгена Крупенькі, прысвечанага маці. Але асабліва цікавым для ўсіх членаў клуба быў аповед 68-гадовай жыхаркі Юзэфы Матошка пра тое, як даўней выкарыстоўваўся ручнік у нашай мясцовасці.

На гэта мерапрыемства кожны з нас прыйшоў з ручніком, і ўсе яны былі розныя, так што і выстаўка атрымалася цікавай. Напрыклад, наша цудоўная субяседніца Юзэфа Матошка прынесла з сабой ручнік, які ткала яшчэ яе маці і з якім яна выходзіла замуж. З гэтым жа ручніком выдавала замуж і сваіх дачок Юзэфа. Так што ручнік аказаўся бабуліным. Прынесла ручнік сваёй бабулі-павітухі і Яўгенія Янкавіч. А бабулі ён дастаўся за тое, што прымала дзіця ў час нараджэння. Як аказалася, ручніку таму ўжо каля 100 год. Жанчына з любоўю аздобіла яго ўласнай вышыўкай і захоўвае да цяперашняга часу.

Маладзейшыя жанчыны прыйшлі з ручнікамі навейшымі – крамнымі. Усім знайшлося месца на выставе, і кожная ўдзельніца мерапрыемства расказала пра свой “экспанат”.

Расказы жанчын дапаўнялі школьнікі чытаннем вершаў, і канечне ж, пра ручнікі. Юнымі чытальнікамі былі Даша Янкавіч і Вераніка Парневіч.

Закончылася наша мерапрыемства фальклорнымі спевамі. Сваім майстэрствам спявачкі ўсіх зачаравала зноў жа Юзэфа Матошка. Гэта яна навучыла нас спяваць “За туманам нічога не відно”, з яе вуснаў лілася прыгожая народная мелодыя, а мы падцягвалі, стараліся трапляць у такт.

Прыемнае цяпло ў сэрцах засталося ў нас пасля гэтай сустрэчы. Зрэшты, прысутнічала на пасяджэнні нашых “Жаночых сакрэтаў” і бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі Алена Капытка.

М. Парневіч,
настаўніца
Гарадзішчанскай
школы, удзельніца клуба.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *