Гэты дзень набліжалі як маглі
Перамога кавалася не толькі на фронце. На барацьбу супраць фашысцкіх захопнікаў падняўся ўвесь савецкі народ. Савецкія людзі змагаліся з акупантамі ў партызанах, падполлі, праяўлялі працоўны гераізм у тыле.
На тэрыторыі нашага раёна акрамя самай буйной партызанскай брыгады “Жалязняк” дзейнічалі таксама партызанскія брыгады М.М. Нікіціна, “Дзядзькі Колі”, імя Ракасоўскага, імя У.І. Леніна, імя Л.М. Даватара, імя ЦК КП(б)Б, сваю баявую дзейнасць пачынаў асобны партызанскі атрад “Баявы”. Найбольш актыўныя баявыя дзеянні супраць ворага партызаны разгарнулі ў 1943 годзе. Асабліва жорсткія баі вяла брыгада імя ЦК КП(б)Б з фашысцкімі гарнізонамі, раскватараванымі ў Докшыцах, Таргунах і Камайску, а таксама з карнымі атрадамі. Асноўныя баявыя аперацыі разгортваліся ў раёне вёсак Сценка, Дзедзіна, Тумілавічы, Шалашы, Стараселле. Фашысты ўвялі ў дзеянне танкі, авіяцыю, артылерыю.
1 верасня разгарэўся бой на захад ад в. Сценка. Праціўнік накіраваў сюды атрад колькасцю больш за 80 чалавек. На ўзбраенні яго меліся мінамёты, бронемашыны, танкеткі. Упарты бой працягваўся амаль цэлы дзень. Да захаду сонцу фашысты адступілі ў гарнізон, які знаходзіўся ў вёсцы Таргуны. У наступныя два дні фашысты паўтарылі спробу прарвацца ў партызанскую зону, але зноў безвынікова. Выстаяць брыгадзе дапамаглі партызаны іншых атрадаў, якія прыйшлі на дапамогу. 19 верасня ў выніку сутычкі брыгаднай разведкі з нямецкай каля в. Дзедзіна былі забіты некалькі гітлераўцаў. Назаўтра група праціўніка падышла да Дзедзіна, зняла баявую ахову партызан і ўварвалася ў вёску, але пазней была выбіта адтуль партызанамі. Сутычкі партызанскай і варожай разведак працягваліся 24 і 25 верасня. Загінула некалькі разведчыкаў. У баі пад вёскай Стараселле загінулі камандзір 5-га атрада Трафім Карасцялёў і партызан Іван Падгол.
Актыўныя баявыя дзеянні працягваліся і ў кастрычніку. Акупанты не пакідалі надзеі прабіцца ў партызанскую зону. 2 кастрычніка яны акружылі вёску Дзедзіна, сталі забіраць цывільнае насельніцтва і паліць вёску. Чацвёртаму атраду, які распачаў бой з немцамі, удалося адбіць частку насельніцтва, астатніх карнікі павялі з сабой. У баі было забіта некалькі фашыстаў.
Узрастанне колькасці страт прымусіла захопнікаў пачаць выкарыстоўваць супраць партызан авіяцыю. 14 кастрычніка над месцам размяшчэння 2-га атрада з’явіўся нямецкі самалёт. Ён быў сустрэты шчыльным агнём партызан. Самалёт скінуў некалькі бомбаў на вёску Несцераўшчына і павярнуў назад. У вёсцы ўзнік пажар. Партызанам удалося выратаваць 35 хат.
У ноч з 15 на 16 кастрычніка два атрады партызан зрабілі налёт на нямецкую заставу ў в. Свіное. Гарнізон разбегся, а народныя мсціўцы захапілі 22 каровы, якіх немцы падрыхтавалі для адпраўкі ў Германію.
У другой палове кастрычніка праціўнік калонай у 500 чалавек пры падтрымцы танкаў, артылерыйскага і мінамётнага агню пачаў наступаць на асноўную лінію абароны брыгады. Гітлераўцы змялі засаду 5-га атрада брыгады “Жалязняк” і выйшлі на правы бераг Беразіны ў раёне вёскі Чарніца, але на левы бераг ім прарвацца так і не ўдалося, дзякуючы яраснаму супраціўленню партызан брыгады ЦК КП(б)Б.
Пасля гэтага партызаны самі перайшлі да актыўных баявых дзеянняў. Ім удалося разбіць атрад карнікаў, якія рабавалі Сценку, затым гарнізоны ў Таргунах і Камайску.
Адной з буйных аперацый брыгады з’яўляецца разгром гарнізона ў вёсцы Порплішча. Актыўны ўдзел у гэтай аперацыі прымаў падпольны камсамольскі райкам. Было забіта 19 гітлераўцаў, узяты багатыя баявыя трафеі.
Актыўнасць і пашырэнне баявых дзеянняў партызан Барысаўска-Бягомльскай і Полацка-Лепельскай партызанскіх зон ставілі пад пагрозу забеспячэнне нямецкіх войск, значна ўплывалі на падзеі на фронце.
(Па матэрыялах
Бягомльскага музея
народнай славы.)