«Міласэрнасць без межаў»

Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) з’яўляецца адным з буйнейшых грамадскіх аб’яднанняў і іграе вялікую ролю ў аказанні многіх паслуг у рашэнні сацыяльных праблем. Мы працуем не дзеля прыбытку. Мэта нашай дзейнасці – развіццё гуманнага грамадства, грамадства, якое гатова адгукнуцца на бяду і дапамагчы ў цяжкіх жыццёвых абставінах кожнаму чалавеку. Паколькі БТЧК з’яўляецца некамерцыйным таварыствам, асноўнай крыніцай фінансавання яго дзейнасці ёсць ахвяраванні. Наша задача – зрабіць ахвяравальнікаў зацікаўленымі саратнікамі. Людзі павінны атрымліваць маральнае задавальненне ад свайго ўкладу ў справу развіцця гуманнага грамадства, усведамляць сваю ролю ў выкананні нашай місіі – абараняць і паляпшаць жыццё і здароўе слабых пластоў насельніцтва, не пакідаць людзей сам-насам з бядой. Мы нясём адказнасць перад людзьмі, якім патрабуецца наша дапамога.

З 8 мая па 1 чэрвеня ва ўсіх рэгіёнах Беларусі праходзіць рэспубліканскі месячнік Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа пад дэвізам “Міласэрнасць без межаў”. Мэта месячніка – прасоўванне каштоўнасцяў гуманізму, прыцягненне ўвагі грамадскасці да ўмоў глабальнага эканамічнага крызісу, сацыяльных праблем, прызыў да прыняцця сумесных намаганняў для іх пераадолення і палягчэння пакут канкрэтных людзей, заахвочванне да грамадска-карыснай працы і добраахвотнай гуманітарнай дзейнасці як мага большай колькасці грамадзян. У час месячніка праводзіцца збор ахвяраванняў ад насельніцтва раёна і працоўных калектываў. У мінулым годзе найбольшую дапамогу раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа сваімі ўкладамі аказалі медыцынскія работнікі, настаўнікі, калектывы РАУС, Дэпартамента аховы, нафтабазы, Бягомльскага лясгаса, ДРБУ № 180. Спадзяёмся, што ў гэтым годзе яны будуць такімі ж не абыякавымі да чужой бяды і што з іх возьмуць прыклад іншыя арганізацыі.

Дапамагаць іншым – гэта ж зусім не цяжка, але прыемна. Дабрыня, аддадзеная іншаму, вяртаецца ў большым памеры.

Ч. ЦЯЖКАЯ,
старшыня
Докшыцкага раённага
таварыства
Чырвонага Крыжа.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *