«Чыстае паветра»
З 1 па 30 чэрвеня Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна са спецыялістамі лабараторый аналітычнага кантролю і падраздзяленнямі ДАІ МУС праводзіць экалагічную аперацыю “Чыстае паветра”.
Вытворчасць і эксплуатацыя транспартных сродкаў, у якіх утрыманне забруджваючых рэчываў у выхлапных выкідах перавышае ўстаноўленыя нарматывы, строга забараняецца. Крайняе дапушчальнае ўтрыманне ў выхлапных выкідах аксіду вугляроду для бензінавых аўтамабіляў на мінімальных абаротах – 1,5 працэнта, на павышаных – 2 працэнты. Дапушчальная норма выкідаў вуглевадародаў для аўтамабіляў з бензінавым рухавіком да 4 цыліндраў на мінімальных абаротах – 1200 млн-1, на павышаных – 600 млн-1. З рухавіком большым за 4 цыліндры на мінімальных абаротах – 3000 млн-1, на павышаных – 1000 млн-1. Для дызельных транспартных сродкаў дапушчальны паказчык дымнасці – 40 працэнтаў.
Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя В.І. Апанасевіч паведаміў, што, у адпаведнасці з арт. 15.50 КоАП Рэспублікі Беларусь, за парушэнне патрабаванняў аховы атмасфернага паветра прадугледжана адміністрацыйнае пакаранне. Уласнік аўтамабіля, у якім выхлапныя выкіды ўтрымліваюць недапушчальную колькасць забруджваючых рэчываў, можа атрымаць папярэджанне або заплаціць штраф да пяці базавых велічынь. Індывідуальны прадпрымальнік у такім выпадку пазбавіцца сумы у дзесяць разоў большай – да пяцідзесяці базавых велічынь. Юрыдычная ж асоба за эксплуатацыю “шкоднага” аўтамабіля рызыкуе дзвюмастамі базавых велічынь.
Як паказвае практыка, падчас месячнікаў “Чыстае паветра” аб’ёмы выкідаў у паветра забруджваючых рэчываў ад аўтатранспартных сродкаў значна зніжаюцца, а значыць памяншаецца іх негатыўнае ўздзеянне на здароўе насельніцтва і акаляючае наваколле.
Валерыя ВЕРАСНЁВА.