Для аматараў ціхага палявання
У разгары лета – самы час нарыхтоўкі ягад, грыбоў, іншай дзікарослай сыравіны. Пра тое, якім чынам грамадзяне могуць ажыццяўляць збор лясной прадукцыі, не парушаючы ўстаноўленых правілаў, наша гутарка з дзяржінспектарам Бягомльскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Пятром Каляснёвым.
— Пётр Барысавіч, летняе цёплае і вільготнае паветра спрыяе росту грыбоў: ужо з поўнымі кашамі лісічак з лесу вяртаюцца грыбнікі, спадарожнічае поспех і ягаднікам. Пра што можна сёння нагадаць аматарам ціхага палявання, аб чым іх папярэдзіць?
– Усе мы павінны памятаць пра тое, што збіраць дары лесу трэба так, каб не прычыніць шкоды нашай прыродзе. Грыбы неабходна зразаць нажом на глебе ля самай іх асновы або асцярожна іх выкручваць. Не дазваляецца збіраць лісічкі вельмі малых памераў – менш чым 1,5 сантыметра ў дыяметры. Што датычыцца ягад, то іх збор таксама павінен праводзіцца без нанясення шкоды ягадніку. Забараняецца прымяняць розныя механічныя прыстасаванні: саўкі, грабёнкі і г.д. Таксама нельга збіраць ягады і грыбы на тэрыторыі Бярэзінскага запаведніка.
– Калі ўсё ж асобнымі нядобрасумленнымі грамадзянамі будуць парушаны названыя правілы, што ў такіх выпадках іх чакае?
–– Мерай пакарання для такіх людзей будзе штраф. Прычым на грамадзяніна ён накладваецца ў памеры да 20 базавых велічынь. А на індывідуальнага прадпрымальніка — да 100 базавых велічынь. Яшчэ большы штраф атрымае юрыдычная асоба за парушэнне ўстаноўленых тэрмінаў, прымяненне забароненых сродкаў або метадаў збору ці нарыхтоўкі грыбоў і ягад — да 500 базавых велічынь. Акрамя гэтага, прыйдзецца кампенсаваць шкоду, прычыненую прыроднаму асяроддзю ў выніку незаконнага збору: за кожны сабраны кілаграм ягад, грыбоў трэба будзе заплаціць 1,2 базавай велічыні, што складае 42 000 рублёў, а таксама аплаціць кошт саміх ягад: за 1 кілаграм –– 1 базавая велічыня (35 000 рублёў). Такім чынам, за сабраны кілаграм лясной сыравіны забароненым спосабам і з выкарыстаннем забароненых прыстасаванняў, акрамя штрафу, з парушальніка будзе спагнана 77 000 рублёў. У сувязі з гэтым жадаю грыбнікам і ягаднікам абыходзіцца без непрыемнасцяў. Тады лясны трафей будзе салодкім, карысным і танным.