Няўдачлівыя паляўнічыя

Не пераводзяцца ў нас і да гэтага часу аматары лёгкай здабычы. 5 сакавіка гэтага года жыхар вёскі Бярозкі Уладзімір Плуч разам з былым ураджэнцам гэтай жа вёскі Васілём Шабаном, які цяпер пражывае ў Мінску, а ў вёску прыехаў, каб наведаць маці, ранкам накіраваліся ў лясны масіў каля вёскі Бярозкі. Іх мэтай было праверыць на прадмет удалага палявання ўстаноўленыя імі сем металічных петляў на сцяжынах дзікіх кабаноў. У прадчуванні лёгкай здабычы мужчыны прыхапілі з сабой поліпрапіленавы мех. Аднак у гэты раз удача абышла іх бокам: петлі аказаліся пустымі. Прыйшлося незадачлівым паляўнічым адправіцца назад. І тут іх паўторна напаткала няўдача: яны былі спынены работнікам Бягомльскай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету і егерам Бягомльскай інспекцыі ДЛГУ “Бягомльскі лясгас”. Аднак сябрукі не разгубіліся, бачна, у падобных сітуацыях яны ўжо бывалі і раней: адкінуўшы мех убок і не рэагуючы на патрабаванні спыніцца, схаваліся ў лесе. Аднак з дапамогай работнікаў міліцыі шукальнікі прыгод былі затрыманы. Віна іх была даказана.

Пастановай суда В.У. Шабан і У.А. Плуч прызнаны вінаватымі ў незаконным паляванні, на кожнага з іх накладзена адміністратыўнае спагнанне ў выглядзе штрафу ў памеры 20 базавых велічынь. А гэта 700 000 рублёў і ў дабавак канфіскацыя незаконных прылад палявання: сямі металічных петляў. Акрамя гэтага, гора-паляўнічыя пазбаўлены права палявання тэрмінам на 2 гады. У дадатак да гэтага суд прызнаў іх вінаватымі па арт. 23.4 КоАП Рэспублікі Беларусь “Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў” і назначыў адміністратыўнае спагнанне ў выглядзе штрафу ў памеры 20 базавых велічынь на суму 700 000 рублёў кожнаму.

Нездарма ж у народзе гавораць, што бясплатны сыр бывае толькі ў мышалоўцы.

С. Захарэвіч,
начальнік
Бягомльскай МРІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *