Докшицкая земля открыла таланты
Завяршыўся чарговы агляд-конкурс “Таленты Докшыччыны”, які ўжо ў каторы раз збірае разам на сцэне аматараў музыкі, песні, танца. Ён дае магчымасць праявіць сябе ў мастацтве тым здольным людзям, якія артыстамі з’яўляюцца ў душы, але ў сілу розных абставін выбралі сабе іншыя прафесіі. Настаўнікі і будаўнікі, механізатары і паштальёны, жывёлаводы і вадзіцелі, ветработнікі і медыкі ўдзелам у конкурсе даставілі сабе шмат прыемных хвілін і парадавалі сваім мастацтвам гледачоў, якія ўсе пяць канцэртаў агляду праяўлялі актыўны інтарэс да таго, што адбывалася на сцэне кінаканцэртнай залы “Іскра”.
Вынікі агляду-конкурсу, як заўсёды, былі падведзены 3 ліпеня, і лепшыя нумары гледачы мелі магчымасць убачыць у гала-канцэрце. Хаця ў ім чамусьці не быў прадстаўлены драматычны жанр, не выступалі і чытальнікі, нават тыя, хто заняў першае месца ў гэтых жанрах мастацтва. Амаль што не было магчымасці яшчэ раз палюбавацца гледачам і на ўладальнікаў галоўнага прыза. А Гран-пры сёлета заслужана атрымаў шматлікі калектыў мастацкай самадзейнасці РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” (кір. Д.Усок), праграму якога адрознівалі шматжанравасць, творчы падыход, выканаўчае майстэрства. Крышачку прайграў ім калектыў РВУ “Докшыцырайгаз”, высокаму прафесіяналізму якога не хапіла сёлета яркасці і бляску. Як заўсёды, непараўнальным вакальным майстэрствам, удала падабраным рэпертуарам, высокім сцэнічным густам і культурай парадавалі артысты з УА “Валкалацкая ДАСШ”, у якіх другое месца. Калі гаварыць пра калектывы, якія кожны раз з задавальненнем прымаюць удзел у конкурсе, то гэта, несумненна, ДЛПУ “Докшыцкая райветстанцыя” і УА “Докшыцкая ДАСШ № 1”, якія сёлета раздзялілі паміж сабой трэцяе месца. Конкурсныя праграмы абодвух калектываў ужо каторы год адрозніваюцца творчасцю, выдумкай, энтузіязмам. Каб ім надаць крыху больш высокі ўзровень вакальнага выканаўчага майстэрства, то маглі б стаць сапернікамі лідарам конкурсу.
Важка заявіла пра сабе сёлета Крулеўшчынская СШ, праграма якой, нарэшце, набыла мажорны тон, і гэтым вельмі выйграла. Вельмі няблага глядзеліся выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці Парплішчанскай СШ, ДП “АграБераснёўка”, ДП “Гняздзілава-Агра”, Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната, Бягомльскай СШ, ЦРБ, Сітцаўскай СШ, Докшыцкай СШ № 2, ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, Бягомльскі завод “Ветразь”, які, дарэчы, упершыню прыняў удзел у конкурсе. Гэтыя калектывы атрымалі ўдзячнасць за ўдзел.
Лепшай вакальнай групай журы прызнала змешаную вакальную групу Валкалацкай СШ. На другім месцы – вакальная група РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, на трэцім – Докшыцкай СШ № 1.
Зоркай сёлетняга фестывалю, безумоўна, стала салістка Вольга Шылкова, якая выступала за Докшыцкае ПМС. Другое месца атрымаў не менш зорны саліст з ПМК-52 Аляксандр Яцына. Трэцім стаў Дзяніс Маслаў з РВУ “Докшыцырайгаз”.
У намінацыі “Лепшы аўтарскі твор” была адзначана паэтычная творчасць настаўніцы Алены Несцяронак з Валкалаты, медсястры Ірыны Козел з Докшыц, настаўніка Бягомльскай СШ Алега Савіцкага.
Лепшым тэатральным калектывам стаў калектыў Парплішчанскай СШ, другое месца аддалі камунальнікам, а трэцяе – Крулеўшчынскай СШ.
Цудоўна прачытала байку Ірына Сясіцкая з райветстанцыі, дакладней сказаць, яна яе сыграла, прапусціўшы праз сябе кожнае слова. На другім месцы сярод чытальнікаў значыцца Раіса Каляга з Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Трэцяе месца атрымала настаўніца з Сітцаўскай СШ Наталля Каляда.
Пераможцамі сярод танцораў сталі камунальнікі, другое і трэцяе месца занялі адпаведна прадстаўнікі ЦРБ і Крулеўшчынскай СШ.
Адкрыццём конкурсу назвалі Кірыла Дука з малаказавода. Хлопец з дапамогай вуснаў “іграе” сучасную электронную і іншую музыку. Прыз глядацкіх сімпатый атрымала прыпевачніца з ДП “АграБераснёўка” Ніна Марцынкевіч.
Творчасць маладых удзельнікаў конкурсу: Веры Тучынай і Міхаіла Ігнатовіча — адзначыў сваімі прызамі райкам ГА “БРСМ”.
Чарговы агляд-конкурс адшумеў, падвёў вынікі, адзначыў пераможцаў, але, калі шчыра сказаць, то мінулагодняй яркасці і зорнасці ён ужо не меў, хаця арганізатары стараліся ўнесці нешта новае: цікавымі былі прыдумкі з “чырвонай” дарожкай, відэафільмамі. Пэўна, конкурс патрабуе змянення самой формы правядзення. Толькі гэтым можна растлумачыць адсутнасць удзелу ў сёлетняй праграме 14 калектываў, якія былі летась.
Тамара
АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКАХ: беларусачка Алена Трус з Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната; выступае мужчынская вакальная група райветстанцыі; на сцэне прыпевачніца Ніна Марцынкевіч.
Фота аўтара.