Чем Бирульская земля привлекает историков?

Археалагічныя раскопкі на тэрыторыі раёна вядуцца не першы год. Сёлета ля вёскі Бірулі, на аднайменным помніку археалогіі працуе больш чым 30 чалавек. Яны апантаныя жаданнем заглянуць у глыбіню стагоддзяў, зведаць жыццё нашых прашчураў, «намацаць» гісторыю сваімі рукамі. У большасці сваёй — гэта студэнты-практыканты гістарычных факультэтаў Віцебскай і Полацкай вышэйшых навучальных устаноў. Будучыя настаўнікі праходзяць практыку па археалогіі. Узначальвае экспедыцыю супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Андрэй Вайцяховіч, які вядзе раскопкі курганоў. Разам з ім працуюць старэйшыя і малодшыя навуковыя супрацоўнікі. Гэта Сяргей Дзярновіч, якія займаецца раскопкамі селішчаў; Зоя Харытановіч, якую цікавяць гарадзішчы; Віктар Чараўко, які піша дысертацыю на тэму позніх пахаванняў сярэднявечча (ХVІ — ХVІІ стагоддзі). Чым жа прыцягнула бірульская зямля гісторыкаў-археолагаў? З пункту погляду вучоных, аналагаў такога ўнікальнага археалагічнага комплексу ў Беларусі няма. Расказвае Зоя Анатольеўна:

— Царкавішча, Замчышча, Кацярыніна ці Шведская гара – назвы, якія не могуць пакінуць абыякавымі тых, хто мае хоць самае малое ўяўленне пра даўніну. Назвы не ўзнікаюць самі па сабе. Іх атрымліваюць узгоркі і паселішчы, лясы і горы пасля пэўных падзей. Напрыклад, Царкавішча… Кажуць, што некалі на гары стаяла царква. Людзі прыходзілі туды маліцца. Але загневаўся Бог за іх непаслухмянасць, прызваў гром з перуном, якія і зрабілі сваю справу. У час навальніцы правалілася царква пад зямлю. Цяпер, як сцвярджаюць некаторыя, калі на тым месцы, дзе стаяла святыня, легчы на зямлю і прыслухацца, то можна пачуць, як далёка-далёка звіняць званы.

Свая легенда ёсць і ў назве Шведскай гары, што за вёскай Бірулі. Мясцовыя жыхары перадавалі яе з вуснаў у вусны. Ёсць меркаванні, што пахаваны тут шведскія воіны. Высокі курган у гонар загінуўшых насыпалі шведы шапкамі.
Што ж за тайну хаваюць пласты зямлі сярод лесу, між ракі і возера?

– Бірулі – цікавы, шматслойны і шматкультурны помнік даўніны, – працягвае Зоя Харытановіч. – У нашых раскопках прысутнічаюць матэрыялы, якія датуюцца ад першага стагоддзя новай эры да восьмага. Людзі з’явіліся ў гэтай мясцовасці больш чым 2 тысячы гадоў таму. Старажытны народ выбіраў для пасялення гарадзішча, што ад слова “гарожына” азначае натуральная абарона. Яны выбіралі ўзвышшы, зразалі пляцоўку, падразалі схілы, абносілі месца канавамі альбо валамі і сяліліся родам. Затым гэты род разрастаўся і выходзіў за межы гарадзішча. Вось тут мы стаім на паселішчы пры гарадзішчы (суразмоўца тупае нагой). На гарадзішчы знайшлі кераміку жалезнага веку, якая адносіцца да днепрадзвінскай археалагічнай культуры. Гэта культура была распаўсюджана на тэрыторыі Беларусі ад яе паўночнай часткі (практычна, па ўсёй тэрыторыі Віцебскай вобласці) аж да мяжы Мінскай. Перыяд засялення датуецца ІІ тысячагоддзем да новай эры – ІІІ-ІV стагоддзямі новай эры.

Другое засяленне гэтай тэрыторыі датуецца V — VІІ стагоддзямі новай эры. Жыхары былі носьбітамі банцараўскай археалагічнай культуры. У арсенале археолагаў матэрыялы асаблівай формы керамікі, бронзавая маленькая сагнутая прамавугольная падвеска, якая вельмі пацярпела ад карозіі. Знойдзены таксама таго перыяду нож.

Калі пачалося трэцяе засяленне тэрыторыі, сказаць складана. Адразу пасля банцараўскай культуры ці шмат часу пасля – невядома. Знойдзены прадметы ў курганах, якія належаць Х стагоддзю новай эры. Вялікую гістарычную каштоўнасць нясе трапецыяпадобная буйная з кропкавым арнаментам падвеска, якая выкарыстоўвалася як упрыгажэнне да шыйнай грыўні. Розных культур сведкамі сталі знойдзеныя іншыя аб’екты: выкладка камянёў, невялікае вогнішча, якое выкарыстоўвалася ў быце. Характар вогнішча ў адным з курганоў пакуль невядомы. Ёсць меркаванні, што на ім спальвалі чалавека з мэтай крэміравання альбо праводзілі на ім якіясьці рытуалы.
Археалагічны помнік культуры “Бірулі” дэманструе жыццё людзей на гэтай тэрыторыі на працягу некалькіх тысяч гадоў. Бачна, што гэта месца было густа заселена. Матэрыялы бронзавага веку, якія знойдзены ля курганоў, сведчаць, што жылі людзі тут 3-4 тысячы гадоў таму. Як вядома, сяліліся яны ў найбольш прыгожым месцы, побач з вадой, лесам, на багатай зямлі.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: на раскопках кургана.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *