Мы станем больш моцнымі і згуртаванымі
Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алег Праляскоўскі (на здымку) у час паездкі па Віцебскай вобласці пабываў у Бягомлі і Докшыцах, дзе сустрэўся з калектывамі Бягомльскага лясгаса і РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. У сваіх выступленнях ён закрануў аспекты той эканамічнай сітуацыі, якая зараз склалася ў краіне, а таксама адказаў на пытанні прысутных.
Сённяшнюю сітуацыю ён назваў няпростай, але някрызіснай. Мы, на думку Міністра, у сваіх праблемах не адны, увесь свет, які накрыла другая хваля фінансавага крызісу, зараз ліхаманкава шукае выхад з таго фінансавага становішча, якое склалася. Першую хвалю крызісу наша краіна амаль не адчула, бо паспела своечасова перабудавацца і перавесці рынкі збыту на ўнутранае спажыванне. За кошт гэтага працягвалі развівацца сацыяльныя праграмы, паступова павышалася зарплата. Зараз жа нас “падкасілі” цэны на энерганосьбіты і неспрыяльнае становішча з валютай.
Алег Вітольдавіч падкрэсліў, што Прэзідэнт пастаянна засяроджваў увагу на некаторых галоўных момантах развіцця эканомікі краіны, па якіх распрацаваны і дзяржаўныя праграмы. Але краіна разам з урадам недапрацавала па ўсіх гэтых кірунках. У першую чаргу, маецца на ўвазе імпартазамяшчэнне. Летась і на пачатку сёлетняга года ў знешнім гандлі склалася адмоўнае сальда. Гэта значыць, што мы больш імпартуем прадукцыі, чым пастаўляем за мяжу. Так быць не павінна. Па складзе сваёй эканомікі Беларусі трэба імпартаваць толькі энерганосьбіты і запчасткі, бо ў нас зборачная вытворчасць. На справе ж нават драўляныя зубачысткі завозяцца з Кітая. Зараз толькі некалькі месяцаў сур’ёзнай работы з імпартазамяшчэннем далі станоўчы вынік.
Яшчэ больш важны аспект – энергазберажэнне. Закранаючы гэта пытанне, Міністр прывёў прыклад, што кошт на газ, які нам пастаўляе Расія, з 40 долараў у 2006 годзе вырас амаль да 350 долараў у 2011 годзе. Падобнага павышэння цэн не вытрымае ніводная эканоміка. Мы вытрымалі, але займелі сённяшнія эканамічныя цяжкасці. Зараз увесь свет павярнуўся тварам да так званых аднаўляемых крыніц: драўніны, торфу, вугалю.
У нас дастаткова падобнага паліва, патрэбна толькі яго разумнае і эфектыўнае выкарыстанне. Ёсць усе падставы лічыць, што праблема энергазабеспячэння будзе станоўча вырашана, бо наша краіна не мае запазычанасці па энерганосьбітах. У расійскіх СМІ час ад часу ўздымаюцца шумныя кампаніі наконт запазычанасці Беларусі, хаця яна з’яўляецца мінімальнай.
Праблемы з валютай з’явіліся тады, калі насельніцтва ў чаканні Мытнага саюза, стала ўзмоцнена скупляць аўтамабілі і кінулася ў абменнікі. Калі б у той час Нацыянальны банк своечасова з’арыентаваўся і правёў інтэрвенцыю, то пакрыў бы валютны дэфіцыт. Валюта ў краіне ёсць. Па меркаванні Міністра, яна ў абменніках магчыма з’явіцца праз 1,5 – 2 месяцы. Але, нягледзячы на пэўны валютны дэфіцыт, у некаторых выпадках (на вучобу за мяжой, лячэнне, пахаванне) і зараз можна падаць неабходныя паперы ў банк і атрымаць патрэбную колькасць валюты.
У сваім выступленні Алег Праляскоўскі спыніўся на сацыяльным кірунку палітыкі, ад якога дзяржава не адмаўляецца, нягледзячы на сённяшнія эканамічныя складанасці. Па-ранейшаму будуць дзейнічаць дзяржаўныя праграмы, якія датычацца маладых і шматдзетных сем’яў, моладзі, ветэранаў. Крыху ўразаецца жыллёвае будаўніцтва. Але гэтыя меры больш датычацца буйных гарадоў. Затое яно набудзе развіццё ў так званых гарадах-спадарожніках. Змяненні ў палітыцы жыллёвага будаўніцтва ніяк не датычацца раённых цэнтраў і сельскай мясцовасці.
Адказваючы на пытанні, Міністр падрабязна спыніўся на забеспячэнні рынка цэментам, недахоп якога зараз адчуваецца ў краіне. У хуткім часе пачнуць працаваць яшчэ два заводы па вытворчасці гэтай прадукцыі, таму ў наступным годзе праблемы з забеспячэннем гэтым будаўнічым матэрыялам не ўзнікне.
У заключэнне Алег Праляскоўскі выказаў спадзяванні, што з той сітуацыі, якая склалася, беларусы абавязкова выйдуць, і выйдуць яшчэ больш згуртаванымі і моцнымі, толькі крыху трэба пацярпець. Прэзідэнт і Урад узмоцнена працуюць над распрацоўкай праграмы выхаду з эканамічнага становішча, якое склалася. Рэзервы ў краіны ёсць, толькі трэба разумна і рацыянальна зараз імі распарадзіцца. І гэта абавязкова будзе зроблена.