Сігналы пачуты, меры прыняты
На “гарачую лінію”, якая дзейнічае ў раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, пазваніла жыхарка г.п.Бягомль Валянціна Чурко, якая ўзняла пытанне размяшчэння на землях пасвыканкама жалезабетону і іншых будаўнічых матэрыялаў. Парушэнне было ліквідавана. Пра тое, што каля хлява (вул. Кастрычніцкая, г. Докшыцы) расце баршчавік, паведаміў у інспекцыю адзін з жыхароў. Уладальніку растлумачана аб недапушчальнасці наяўнасці гэтай расліны ў горадзе. Неадкладна былі прыняты меры, расліна баршчавіка выдалена. За дадзеным зямельным участкам устаноўлены кантроль. Ад жыхаркі г.п. Бягомль Т.П. Васкрасенскай паступіла скарга аб патраве дзікімі кабанамі пасеваў бульбы. Пасля разгляду скаргі сумесна з кіраўніцтвам установы “Докшыцкая арганізацыйная структура дзяржаўна-грамадскага аб`яднання Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў” Бягомльскага пасвыканкама вызначаны меры абмежавання доступу дзікіх свіней на ўчасткі грамадзян і меры кампенсацыі нанесенага ўрону. Адзін з жыхароў вуліцы Урыцкага (г. Докшыцы) паведаміў у інспекцыю, што жыхар гэтай вуліцы Старкоўскі злівае стокі прама на вуліцу. Нягледзячы на тое, што дадзены факт не ўстаноўлены, грамадзяніну Старкоўскаму даручана навесці парадак уздоўж вуліцы насупраць зямельнага ўчастка. Прадпісанне інспекцыі выканана. Адпачываючыя на возеры Сэрвач выявілі ў месцах адпачынку перапоўненыя адходамі кантэйнеры, пра што паведамілі ў інспекцыю. Падчас праверкі факт пацвердзіўся. Адказная арганізацыя – КУП “Докшыцкае ПМС” – вінаватая ў парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства, прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 10 базавых велічынь. Парушэнне ліквідавана. Жыхар вёскі Таргуны В.І.Тарасевіч паведаміў аб няспраўнасці каналізацыі каля склада ГЗМ ААТ “Таргуны”. Было ўстаноўлена, што ў выніку зваркі ў сістэме каналізацыі сточныя воды трапілі на зямельны ўчастак. У выніку прынятых мер РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” няспраўнасць была ліквідавана, месца выхаду сточных вод адсыпана пяском. У цяперашні час сістэма каналізацыі працуе спраўна.