Аб стане ідэалагічнай работы

На мінулым тыдні прайшло чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта. Уступным словам яго адкрыў старшыня райвыканкама Алег Пінчук. Ён звярнуў увагу прысутных на тыя пытанні, якія разглядаліся на нядаўнім пасяджэнні абласнога выканаўчага камітэта: аб прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў, аб стане аб’ектаў устаноў культуры, аб забеспячэнні выканання прагнозных паказчыкаў, супаставіў пры гэтым становішча спраў у вобласці ў цэлым і нашым раёне.

Першым і асноўным пытаннем, якое стаяла на парадку дня, было аб стане ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах і з насельніцтвам па месцы жыхарства ў Крулеўшчынскім сельсавеце. Даклад па ім зрабіла старшыня Крулеўшчынскага сельскага Савета дэпутатаў Алена Таляронак. Яна расказала аб рабоце, якая праводзіцца сельскім выканаўчым камітэтам, прадпрыемствамі і арганізацыямі сельсавета па фарміраванні ў працоўных калектывах і сярод насельніцтва пазітыўнай ацэнкі дзейнасці дзяржаўных органаў у ажыццяўленні эканамічных і грамадска-палітычных працэсаў, па ідэалагічным забеспячэнні выканання прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця арганізацый, па забеспячэнні стабільнасці і нармальнага маральна-псіхалагічнага клімату ў працоўных калектывах.

Разам з тым на пасяджэнні было адзначана, што ў практыцы сельвыканкама па арганізацыі сістэмнай выхаваўчай работы з людзьмі, фарміраванні яе ў адзіны цэласны механізм: сельвыканкам – працоўны калектыў – грамадскія аб`яднанні – сям’я — з мэтай падтрымання і ўмацавання здаровага маральнага клімату ў працоўных калектывах і па месцы жыхарства ёсць яшчэ недапрацоўкі.

Так, работа арганізацыйных структур грамадскіх фарміраванняў канструктыўнай накіраванасці ў шэрагу арганізацый малаэфектыўная. У рабоце добраахвотнай дружыны прымаюць удзел толькі настаўнікі Крулеўшчынскай школы, астатнія ад яе ўхіляюцца. Не адпавядаюць патрабаванням планаванне работы і наглядная агітацыя, у КУП “Докшыцкі” адсутнічае Дошка гонару. Неабходна часцей практыкаваць інфармаванне членаў працоўных калектываў з індывідуальнымі кансультацыямі і аператыўным вырашэннем надзённых праблем.

З мэтай паляпшэння арганізацыі культурнага абслугоўвання насельніцтва сельсавета неабходна актывізаваць работу дзіцячай школы мастацтваў па стварэнні “ўзорных” дзіцячых калектываў мастацкай самадзейнасці, па наданні прывабнага іміджу школе.
Указвалася таксама, што яшчэ недастаткова эфектыўна выкарыстоўваецца зямля, якой карыстаюцца грамадзяне сельсавета. Слаба вядзецца работа па выяўленні пустуючых і невыкарыстоўваемых зямельных участкаў.

У абмеркаванні гэтага пытання выступілі таксама начальнік ідэалагічнага аддзела райвыканкама Іосіф Падрэз і начальнік упраўлення ідэалагічнай работы абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Кліцуноў, які прыняў удзел у пасяджэнні. Вынікі абмеркавання падвёў старшыня райвыканкама Алег Пінчук. Ад інфармацыйных груп ён патрабаваў своечасовага выяўлення пытанняў і іх вырашэння, а таксама прынцыповасці ў гэтай рабоце, каб людзям не даводзілася па адных і тых жа праблемах звяртацца па некалькі разоў.

Па разгледжаным пытанні было прынята канкрэтнае рашэнне, якое прадугледжвае павышэнне эфектыўнасці ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах і па месцы жыхарства, наданне ёй сістэмнага і дынамічнага характару, удасканаленне яе форм і метадаў.

Пра ахову працы

Аб стане работы па захаванні заканадаўства аб працы, ахове працы, мерапрыемстваў па рэалізацыі Праграмы па паляпшэнні ўмоў і аховы працы Віцебскай вобласці на 2011 – 2015 гады суб’ектамі гаспадарання раёна дакладваў на пасяджэнні начальнік аддзела сацыяльна-працоўных адносінаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Андрэй Баговіч. Праўда, пахваліцца яму не было чым. За 10 месяцаў гэтага года ў раёне на вытворчасці загінуў 1 рабочы і 5 чалавек атрымалі траўмы. У параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года адбыўся рост смяротнага траўматызму на 1 выпадак.

Раённы выканаўчы камітэт адзначыў, што работа па ахове працы на прадпрыемствах і ў арганізацыях знаходзіцца не на належным узроўні. Былі названы канкрэтныя адрасы, дзе асабліва нездавальняюча абстаяць справы. У першую чаргу, гэта датычыцца вытворчага памяшкання і кацельнай РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, сталярнага цэха ПМК-52, малочнатаварнай фермы “Бабічы” КУП “Докшыцкі”, механічных майстэрань і кацельнай ААТ “Барсучанка”. Кіраўнік раёна выказаў сур’ёзны папрок у адрас Андрэя Баговіча за яго бяздзейнасць, якая прыводзіць да шматлікіх парушэнняў правілаў аховы працы, і адвёў яму месячны тэрмін для выпраўлення становішча. Пракурору раёна даў указанне праверыць кожную арганізацыю, кожнае прадпрыемтсва на прадмет выканання мер у плане аховы працы.

Аб праграме
«Кадры 2010 — 2015 гады»

Аб ходзе выканання комплекснай раённай праграмы “Кадры 2010 – 2015” далажыў начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Анатолій Ванюшын.
Заслухаўшы яго інфармацыю, раённы выканаўчы камітэт адзначыў, што ўпраўленнямі і аддзеламі райвыканкама здзейснена пэўная работа па выкананні гэтай праграмы. Захоўваецца зацверджаны парадак назначэння (вызвалення), узгаднення назначэння (вызвалення) кіруючых работнікаў арганізацый, прадпрыемстваў, якія размешчаны на тэрыторыі раёна.

Сфарміраваны рэзерв кадраў на пасады, уключаныя ў кадравыя рэестры аблвыканкама. Штогод пераглядаецца яго састаў. Склалася пэўная сістэма павышэння кваліфікацыі кіруючых кадраў, асоб, уключаных у рэзерв на кіруючыя пасады ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Праводзіцца атэстацыя дадзенай катэгорыі работнікаў і кіраўнікоў раённай камунальнай уласнасці. У калектыўныя дагаворы ўнесены дапаўненні, у якіх прадугледжаны меры сацыяльнай абароны маладых спецыялістаў.

Разам з тым адзначана недастатковая работа па выяўленні перспектыўных маладых людзей, здольных да кіруючай дзейнасці работнікаў, развіцці іх дзелавых якасцей.
Праблемным застаецца пытанне замацавання кадраў у сельскай гаспадарцы. Пасля абавязковай адпрацоўкі ўстаноўленага тэрміну ў раёне застаецца толькі 40 працэнтаў выпускнікоў навучальных устаноў. Нестабільная сёння сітуацыя з забеспячэннем сельгаспрадпрыемстваў кадрамі масавых прафесій. Патрабуе далейшага ўдасканалення прафарыентацыйная работа сярод школьнікаў па тых прафесіях, якіх сёння не хапае ў раёне.
Па ўсіх разгледжаных пытаннях райвыканкам прыняў адпаведныя рашэнні.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *