Будаўніцтва: больш увагі якасці
У чацвер, 29 верасня, прайшла 9-я сесія раённага Савета дэпутатаў 26-га склікання. У шэрагу пытанняў, якія на ёй разгледжаны, асноўным было “Аб ходзе выканання праграмы жыллёвага будаўніцтва і якасці будаўнічых работ”. З дакладам па ім выступіў намеснік старшыні райвыканкама А.В. Шнітко.
Ён адзначыў, што жыллёвае будаўніцтва з’яўляецца адным з прыярытэтных відаў усяго будаўніцтва. У апошні час у раёне значна пашырыліся яго аб’ёмы. За перыяд з 2008 па 2010 гады было ўведзена ў эксплуатацыю 37 964 квадратныя метры жыллёвай плошчы. Будаўніцтва жылля вялося ва ўсіх гаспадарках. У 2008 годзе было пабудавана 48 кватэр, у 2009 – 56, у 2010 годзе – 96 кватэр. Значная частка жылля ўзведзена індывідуальнымі забудоўшчыкамі.
Разам з тым, дакладчык звярнуў увагу на тое, што ў сферы будаўніцтва пакуль яшчэ ёсць недахопы. Пры здачы аб’ектаў выяўляюцца выпадкі недаробак, завышаюцца аб’ёмы выкананых работ, жадае быць лепшай іх якасць, не належным узроўні яшчэ працоўная і вытворчая дысцыпліна, патрабуе паляпшэння арганізацыя працы на будаўнічых аб’ектах.
У абмеркаванні ўсіх пералічаных пытанняў прынялі ўдзел дырэктар раённага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Докшыцкае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва” І.М. Жалейка, дэпутат ад Бабцаўскай выбарчай акругі № 11 дырэктар даччынага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Докшыцкая перасоўная механізаваная калона № 52” В.У. Ганус, старшыня Бягомльскага пасялковага Савета дэпутатаў М.А. Трахінін, дэпутат ад Чыгуначнай выбарчай акругі № 31 дырэктар філіяла Докшыцкага раённага вытворчага ўпраўлення газавай гаспадаркі В.В. Няспляк.
На сесіі таксама было абмеркавана пытанне аб выкананні рашэння раённага Савета дэпутатаў ад 21 верасня 2010 года, якое датычылася развіцця асабістых падсобных гаспадарак. Паведамленні пра гэта зрабілі старшыні выканкамаў Бярэзінскага і Валкалацкага сельскіх Саветаў В.І. Кургей і А.В. Бабарыка.
На сесіі разгледжаны і некаторыя іншыя пытанні. Па ўсіх былі прыняты адпаведныя рашэнні.