З дабрынёй па жыцці
Я ўдзячны лёсу, што з усіх дарог абрана менавіта гэта. Так з упэўненасцю можа сказаць чалавек, які ніколі не пашкадаваў аб зробленым у сваім жыцці выбары.
Да кагорты такіх людзей належыць Валянціна Міхайлаўна Лукашэвіч. 33 гады працы прысвяціла яна адукацыі. Валянціна Міхайлаўна – настаўніца беларускай мовы і літаратуры, дырэктар УА “Янкаўская дзяржаўная агульнаадукацыйная базавая школа-сад Докшыцкага раёна” – за працоўныя дасягненні, за руплівасць і самаадданасць школьнай справе ўзнагароджана Граматай абласнога ўпраўлення адукацыі.
Сваю працоўную дзейнасць пачала яна ў 1978 годзе ў сярэдняй школе г. Оршы, куды трапіла пасля заканчэння Віцебскага педагагічнага інстытута імя С. Кірава. Валянціна скончыла філалагічны факультэт (аддзяленне беларускай мовы і літаратуры) з лёгкай рукі сваёй любімай настаўніцы Ганны Якаўлеўны Сценнік, якая выкладала родную мову і літаратуру і была класным кіраўніком дзяўчыны падчас яе вучобы ў Янкаўскай школе. Менавіта яна дапамагла адчуць прыгажосць роднага слова, паказала яго багацце, прывіла любоў.
Рашэнне стаць настаўнікам прыйшло не адразу, бо спачатку хацелася працаваць, зарабляць грошы. Але бацька, ад прыроды мудры чалавек, пастанавіў: дачка павінна вучыцца, набываць вышэйшую адукацыю. А воля бацькі – закон. І далей, калі Валянціна Міхайлаўна была перад выбарам, калі на павестцы было адвечнае “Быць ці не быць?”, менавіта падказкі роднага чалавека вызначалі ўсё.
Пяць год адпрацавала маладая настаўніца ў г. Барысаве ў СШ № 15, а ў 1986 годзе вярнулася ў родны раён, дзе працягвала настаўнічаць у Вольберавіцкай і Прудніцкай школах. У 1995 годзе яна прыйшла ў родную Янкаўскую школу, дзе доўгі час займала пасаду намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Але шчасце яе ў тым, што ўсё жыццё выкладае беларускую мову і літаратуру. Толькі сваім уласным прыкладам, лічыць Валянціна Міхайлаўна, можна данесці да дзяцей спрадвечную ісціну: гонар за сваю мову, адказнасць за яе развіццё і захаванне.
З дабром па жыцці ідзе дырэктар Янкаўскай навучальнай установы. Ужо адразу, на падыходзе да школы, адчуваецца яна ў той прыгажосці, што створана вакол. Мноства кветак пышным, стракатым дываном акаляе яе тэрыторыю. Відавочна, што прыгажосць тут пануе не толькі ў душы кіраўніка, але і ўсяго калектыву, у якім налічваецца 15 педагогаў. Валянціна Міхайлаўна з вялікім захапленнем расказвае пра сваіх паплечнікаў. Дзякуючы менавіта іх зладжанай, адказнай рабоце, школа неаднаразова вылучалася як найлепшая ўстанова адукацыі ў падрыхтоўцы да новага навучальнага года. Дырэктар ганарыцца сваім калектывам, дзе працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты (56 працэнтаў маюць вышэйшую катэгорыю, 25 працэнтаў – першую), прафесіяналы сваёй справы (94 працэнты – з вышэйшай адукацыяй), якія любяць дзяцей (22 гады – сярэдні стаж калектыву).
Сама па сабе Янкаўская ўстанова невялікая, яе наведвае 26 дзетак, але безліч узнагарод – грамат і дыпломаў – сведчыць пра значныя дасягненні ў розных напрамках школьнай дзейнасці. Да ўсяго, можна дадаць, што з 2000 года тут працуюць у накірунку духоўна-маральнага выхавання, абапіраючыся на праваслаўныя традыцыі народа. Для гэтага праз класныя гадзіны, пазакласныя і пазашкольныя мерапрыемствы ў калектыве імкнуцца, каб дзеці, настаўнікі і бацькі былі адной сям’ёй. І праца, не толькі па выхаванні дабра і чуласці, але і грамадска-карысная, сведчыць пра тое, што духоўныя і фізічныя намаганні заўсёды поруч. Так, за мінулы 2010 год за грошы, атрыманыя ад рэалізацыі прадукцыі, вырашчанай на агародзе, набыты новы халадзільнік для сталовай, камп’ютар і іншыя неабходныя для навучальнага працэсу рэчы. Добрым сведчаннем таго, што ў школе ўсё зладжана, стабільна і вынікова, з’яўляецца прыклад яе выпускнікоў. Сярод іх дырэктар прыгадала Уладзіміра Гнусіна і Аляксандра Юковіча (лесарубаў Бягомльскага лясгаса), Андрэя Модаля (вадзіцеля КУП “Докшыцкая ПМС”), якія сваёй прыкладнай працай, асновы якой, несумненна, закладзены ў роднай альма-матар, паказалі плён намаганняў навучальнай установы.
Жанчына-маці, настаўнік-выхавацель, дырэктар-гаспадар. Усё гэта спалучае ў сабе сціплая, простая і ў той жа час упэўнена-рашучая асоба – Валянціна Міхайлаўна, якая за падтрымку, разуменне, дапамогу бязмежна ўдзячна і сваім родным, і сябрам-паплечнікам, і, безумоўна, дзецям, якім прысвяціла ўсю сябе.
Дык хай жа дэвіз гэтага натхнёнага і добрага настаўніка стане асновай і нашага жыцця: “Без чалавечнасці не будзе вечнасці!”
Ірына Несцяронак.