Докшицкие свиньи обрели новое жилище
Заняцца свінагадоўляй вырашылі ў гэтым годзе на прадпрыемстве імя Чэрныша. Былы кароўнік, які знаходзіцца ў вёсцы Чысці Вардамскія, пераканструявалі пад свінарнік. Праўда, работа не завершана. Зараз ідзе будаўніцтва агароджы для выгулу і ўцяпленне вокнаў. Аднак для ўтрымання жыўнасці асноўнае ўжо зроблена, а таму сітцаўскія свінкі перакачавалі на новае месца жыхарства. У прыстасаваным памяшканні размясцілі 70 жывёлін 4-5-месячнага ўзросту.
– Для рэнтабельнай работы гаспадаркі неабходна ферма на 50-100 свінаматак, – упэўнены дырэктар прадпрыемства Анатоль Апанасёнак. – Гэта дасць магчымасць атрымаць за год да 1000 парасят. У перспектыве плануем давесці пагалоўе свіней да 300 жывёлін. Камбікорм для свінак на дарошчванні паступае з Глыбоцкага камбікормавага завода. Кошт яго параўнальна невялікі, бо абменьваем яго на фуражнае зерне. Ёсць спадзяванні, што ў свінагадоўлі справы палепшацца.
Аператарам па доглядзе за свінкамі працуе Сяргей Гнядзёнак (на здымку). Праца ў яго ў асноўным ручная, але мужчына старанны і добрасумленны. Спраўляецца на “выдатна”.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.