Докшицкие торты украшают праздничные столы

Гэта смаката з’яўляецца ўпрыгожаннем любога стала, і без торта свята – не свята. Кожны месяц розных тартоў, пірожных і пячэння кандытарскі цэх Докшыцкага хлебазавода выпякае каля 3 тон. За дзевяць месяцаў выпушчана 28 тон кандытарскіх вырабаў. Рост цэн, як аказалася, ніколькі не паўплываў на апетыт тых, хто любіць салодкія прысмакі. Сёлета іх купляць сталі нават больш, чым летась. Таму ў калектыву ёсць настрой працаваць над расшырэннем асартыменту, паляпшэннем якасці выпускаемай прадукцыі.

У 1993 годзе, адразу пасля адкрыцця, кандытарскі цэх выпускаў некалькі назваў вырабаў, зараз іх колькасць набліжаецца да 30. Кандытары карыстаюцца распрацоўкамі іншых вытворцаў, але выпускаюць і свае. Вельмі плённа ў гэтым кірунку працуе загадчыца лабараторыі Святлана Чурко. Гэта яна распрацавала і запатэнтавала рэцэптуру торта для мужчын “Рыцар”. Торт з блакітнай ружай – лепшы падарунак для мужчыны-ласуна. Святлана Аляксандраўна з’яўляюцца і аўтарам саладосці мучной “Услада”, якую аблюбавалі  жыхары сталіцы. З апошніх навінак у свеце кандытарскіх вырабаў можна назваць тарты “Императрица с грецким орехом”, “Ликёрный с шоколадной глазурью”, “Млечный путь”. “Калинковичский” і “Бурёнка” – гэта тарты доўгага захоўвання, бо яны пясочныя і не маюць крэму. Паспелі ўжо ацаніць пакупнікі смак пячэння аўсянага, а докшыцкі пернік заўсёды ідзе нарасхват.

Выпускаюць усе гэтыя прысмакі Ганна Грыцкевіч і Вольга Грышкевіч. Ганна Міхайлаўна, якая працуе ў цэху з дня яго адкрыцця, неаднаразова была гераіняй нашых артыкулаў, а вось пра яе вучаніцу хацелася б сёння расказаць крышачку падрабязней. Спецыяліст яна малады, толькі пачынае спрабаваць на практыцы тыя веды, якія набыла ў Маладзечанскім вучылішчы. Дарэчы, закончыла яго першую ступень, але на гэтым не спынілася і паступіла на завочнае аддзяленне другой ступені, каб ужо мець сярэднюю спецыяльную адукацыю. Ганна Міхайлаўна на маладую работніцу не нарадуецца, кажа, што дзяўчына разумная, здольная і, галоўнае, не лянуецца спасцігаць усё, чаго яшчэ не ведае.

Сёлета кандытарам працаваць намнога ямчэй дзякуючы цуд-печы “Ротар-Агра” з камп’ютарным забеспячэннем. Печка мае 100 праграм і імгненна пераходзіць у любую патрэбную. Гэта значыць, што кандытар, заклаўшы туды выпечку, спакойна можа працаваць над наступным вырабам, не баючыся, што ў печы нешта падгарыць ці не дапячэцца.

Патрэбнае тэхнічнае аснашчэнне ў спалучэнні з уменнем майстроў, іх мастацкім густам  і ствараюць тыя кандытарскія прысмакі, якія пазітыўна ўплываюць на наш настрой і самаадчуванне. Толькі пажадана, каб  крамы нашага раёна часцей заказвалі смачную прадукцыю свайго хлебазавода.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: кандытары працуюць над заварным пірожным.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *