Жители Докшиц поддержали антитабачную кампанию
Заўтра ў краіне праводзіцца антытытунёвая кампанія, у час якой насельніцтву будзе яшчэ раз нагадана пра тыя негатыўныя наступствы, да якіх прыводзіць ужыванне тытуню. Усё сусветнае грамадства павярнулася да здаровага ладу жыцця, у якім не месца такой заганнай звычцы, як курэнне. Наша краіна, якой патрэбны здаровыя, працаздольныя грамадзяне, – не выключэнне.
У межах рэспубліканскай інфармацыйнай антытытунёвай кампаніі раённай кінавідэасеткай створана кінапраграма відэакліпаў па дадзенай тэматыцы, якая дэманстравалася ўжо ў Валкалацкай, Глінскай, Бярозкаўскай, Тумілавіцкай школах. Амаль кожная ўстанова культуры падрыхтавала мерапрыемства па прафілактыцы курэння. У Порплішчы пройдзе тэматычны вечар “Курыльшчык – сам сабе магільшчык”. Акцыю-дыскатэку “Здароўе супраць цыгарэты” арганізоўвае Літоўскі сельскі клуб. Тэматычныя маладзёжныя дыскатэкі пройдуць таксама ў кінаканцэртнай зале “Іскра”, Бярозаўскім, Тумілавіцкім СДК. Бягомльская гарпасялковая бібліятэка будзе праводзіць трэнінг для моладзі “Курыць – здароўю шкодзіць”, Таргуноўская – ток-шоу “Азірнёмся навокал”.
На старонках нашай газеты сёння слова мае галоўны дзяржсанурач раёна Аляксандр Прыгажонак.
– Уратаванне ў нікаціне многія людзі шукаюць у час наплыву страху, хвалявання, трывогі. Яны лічаць, што цыгарэта падорыць спакой, душэўны камфорт і суцяшэнне, – гаворыць Аляксандр Мікалаевіч, – і пры гэтым зусім забываюць пра залежнасць ад нікаціну, якая абавязкова з’яўляецца ў курыльшчыкаў. Менавіта яна пазней, калі пачнуцца праблемы са здароўем, даставіць шмат клопатаў таму, хто пажадае з ёй развітацца.
Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, штогод ва ўсім свеце тытунь забівае 5 мільёнаў людзей, гэта 11 тысяч чалавек у дзень! У Беларусі ад хвароб, звязаных з курэннем, штогод памірае каля 15,5 тысячы чалавек. У адпаведнасці з прагнозамі, да 2020 года тытунь стане вядучай прычынай смерці 10 мільёнаў чалавек у свеце. Гэта, калі памятаеце, нават крыху больш за колькасць насельніцтва нашай Беларусі.
Курэнне тытуню звязваюць з развіццём некаторых формаў раку ў чалавека. У першую чаргу – гэта рак лёгкіх, страўніка, гартані, поласці носа і рота, мачавога пузыра, малочнай і падстраўнікавай залозаў, нырак, шыйкі маткі. Па дадзеных даследаванняў, якія праводзіліся ў ЗША і Японіі, ад 87 да 91 працэнта выпадкаў раку лёгкіх у мужчын і ад 57 да 86 працэнтаў – у жанчын звязана з курэннем цыгарэт. У Швецыі за апошнія два дзесяцігоддзі смяротнасць ад раку лёгкіх у жанчын павялічылася на 75 працэнтаў, у той жа час у мужчын знізілася на 11 працэнтаў. І гэта не дзіўна. За апошнія 20 год быў адзначаны рост курэння тытуню сярод жанчын і зніжэнне распаўсюджання гэтай адмоўнай звычкі сярод мужчын. У Беларусі з зарэгістраваных у 2007 годзе 39946 выпадкаў злаякасных пухлін, больш за 11100 выпадкаў звязаны з курэннем. За 35 год па гэтай прычыне захварэлі на рак лёгкіх больш за 100 тысяч мужчын.
З’яўляецца ўсё больш звестак аб тым, што так званае пасіўнае курэнне, калі чалавек удыхае дым ад цыгарэты курыльшчыка, які курыць побач, таксама садзейнічае развіццю тых жа захворванняў. Даказана сувязь пасіўнага курэння з захворваннямі сэрца, раку лёгкіх, хранічнымі абструкцыйнымі хваробамі лёгкіх. Дзеці асабліва адчувальныя да негатыўнага ўздзеяння пасіўнага курэння. У ЗША зарэгістравана 430 выпадкаў раптоўнай смерці немаўляці, якая выклікана пасіўным курэннем.
Таму трэба запомніць, што
— смяротнасць сярод курцоў на 30 – 80 працэнтаў вышэйшая, чым сярод тых, хто не курыць;
— рызыка смерці ўзрастае з павелічэннем колькасці цыгарэт, выкураных за дзень і працягласцю стажу курэння;
— смяротнасць вышэй сярод людзей, якія пачалі курыць у маладым узросце;
— сярод хворых злаякаснымі новаўтварэннямі 95 працэнтаў – гэта людзі, якія кураць.
Для большасці курцоў, курэнне – гэта не забава ці дрэнная звычка, а хвароба, якая завецца тытунёвай залежнасцю. Пазбавіцца ад яе можа кожны, толькі рабіць гэта трэба правільна, а яшчэ лепш – па рэкамендацыі ўрачоў.