Школьныя аперацыі

Аказваецца, слова “аперацыя” можа сустракацца не толькі ва ўстановах кшталту цэнтральная раённая бальніца ці Докшыцкі раённы аддзел унутраных спраў. У Бягомльскай сярэдняй школе яно таксама штогод пазначаецца ў навучальных планах. І аперацыя тут не адна, і няма вучня, які б не быў задзейнічаны ў гэтай справе.
Напярэдадні восеньскіх канікулаў іх было праведзена некалькі: “Чысты дворык”, “Чысты клас” і “Абеліск”. Гэта азначае тое, што хутка прыйдзе зіма, а да яе трэба падрыхтавацца: прыбраць, зрабіць чыстым усё наваколле.
Пасля заняткаў, 26 кастрычніка, дадому ніхто не спяшаецца – усе накіроўваюцца ў школьны двор з граблямі ды пакрываламі, каб убраць памерзлае сухое лісце. Настаўнікі дапамагаюць вучням, дзеці не лянуюцца, працуюць з задавальненнем, весела перагаворваюцца, жартуюць. Тут і дырэктар школы П.В. Гігель, і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце А.І. Ярмола – правяраюць стараннасць і добрасумленнасць працы кожнага ўдзельніка ў аперацыі “Чысты дворык”. Канстатуюць, што работай задаволены.

“Чысты клас” і “Абеліск” таксама праведзены ў гэтыя ж дні. Годна папрацаваўшы, вучні Бягомльскай сярэдняй школы з прыемным настроем ажыццяўляюць падарожжы: восеньскі адпачынак абяцае шмат цікавага. Гэта і шматлікія наведванні музея Народнай славы, дзе ладзяцца змястоўныя размовы на цікавыя тэмы. Таксама для школьнікаў пачатковых класаў арганізаваны экскурсіі ў Полацк і Мінск у лялечны тэатр. Мінск наведаюць і старэйшыя школьнікі: іх маршрут будзе ісці праз Нацыянальную бібліятэку, музей землязнаўства геаграфічнага факультэта БДУ, мастацкую галерэю і культурна-спартыўны комплекс “Мінск-Арэна”.
Але не толькі падарожжы прыцягваюць бягомльскіх вучняў: 25 чалавек з задавальненнем бавяць вольны час у прышкольным лагеры “Дружба”. Кожны дзень у ім – асобнае свята: і “Дзень здароўя”, і “Казкі для дзяцей”, і спаборніцтвы па валейболе, футболе і баскетболе.
Але школьныя аперацыі-мерапрыемствы з восенню не заканчваюцца – вясной усё паўторыцца зноў. Бо калі чысціня, створаная сваімі рукамі, пануе вакол, то і ўвесь свет успрымаецца лёгка і радасна.

Таццяна МАЦЮШОНАК.

НА ЗДЫМКУ: 10 “Б” у працы: трэба не толькі згрэбсці лісце, але і знесці.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *