Докшицкие педагоги повышают свой профессиональный уровень

Каб якасна навучаць дзяцей, настаўніку таксама заўсёды трэба быць у курсе ўсіх новаўвядзенняў у “сваёй” галіне ведаў. Такая магчымасць была прадстаўлена настаўнікам замежных моў, метадыстам аддзелаў адукацыі вобласці, якія курыруюць выкладанне замежных моў, на абласным навучальным семінары “Мадэляванне дыялогу культур на ўроках замежных моў”, які на працягу двух дзён праходзіў у нашым раёне.
Супрацоўнікамі раённага аддзела адукацыі, у прыватнасці, яго метадычным аддзелам, для таго, каб дастойна правесці семінар, была праведзена велізарная падрыхтоўчая работа. Затое мерапрыемства атрымала самую высокую ацэнку гасцей семінара. Яго адкрыла метадыст абласнога інстытута развіцця адукацыі Ніна Клокава. Са станам і перспектывамі развіцця сістэмы адукацыі ў нашым раёне пазнаёміў загадчык раённага аддзела адукацыі Аляксандр Ільясевіч.

Непасрэдна да тэмы семінара яго ўдзельнікі перайшлі ў час выступлення метадыста аддзела адукацыі Марыі Кушчак. Яна расказала аб фарміраванні камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў праз тэхналогію дыялога культур у навучальным працэсе. Практычную распрацоўку тэма атрымала ў час адкрытых урокаў, якія паказалі настаўнікі гарадскіх школ. Усе чатыры ўрокі прайшлі на высокім метадычным узроўні, з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій: праектных, інавацыйных, гульнявых, а таксама іншых метадаў і сродкаў, якія актывізавалі пазнавальную дзейнасць вучняў і матывацыю да вывучэння імі замежнай мовы. Раскрыць усе патрабаванні, якія сёння прад’яўляюцца да ўрокаў, здолелі як вопытныя настаўнікі СШ № 2 Алена Хілько і Святлана Апанасевіч, так і маладыя педагогі СШ № 1, якія падаюць вялікія надзеі, — Наталля Цэлічына і Дзіяна Ванюшына.

З тым, як адміністрацыя рэалізоўвае план па стварэнні ўмоў для развіцця педмайстэрства, удасканальвання сістэмы работы кожнага педагога, удзельнікі семінара пазнаёміліся на прыкладзе работы Крулеўшчынскай СШ. У гэтай установе адукацыі ім прапанавалі экскурсіі ў этнаграфічны і экалагічны музеі. Экскурсіі праводзілі вучні школы на англійскай мове. Удзельнікі семінара пазнаёміліся таксама з аснашчэннем кабінета замежнай мовы.

Не менш цікавым атрымаўся і другі дзень работы семінара, у час якога старэйшая настаўніца англійскай і французскай моў Докшыцкай СШ № 1 Ларыса Маркавец выступіла з абагульненнем свайго багатага вопыту выкладання. У час лінгвістычнага калейдаскопа “Культура без межаў” вучні гарадскіх школ, а таксама Бягомльскай СШ, Барсукоўскай СШ паказалі канцэрт-падарожжа па розных краінах праз песні і танцы народаў, якія там жывуць. Творы выконваліся на англійскай, французскай, нямецкай мовах.

Завяршыўся семінар прэзентацыяй вопыту работы настаўніцы Параф’янаўскай СШ Алены Каросцік. Летась ён быў прызнаны лепшым у вобласці. Гэта акалічнасць і паслужыла падставай да таго, што Докшыцкі раён быў абраны месцам правядзення семінара. Вучні школы паказалі некалькі тэатралізаваных міні-прадстаўленняў на англійскай мове.

Насычанай была культурная праграма. У час яе госці наведалі мемарыяльны комплекс “Шунеўка”, гістарычныя і культурныя мясціны нашага горада, паглядзелі канцэрт, які падрыхтавалі для іх выкладчыкі замежнай мовы пад кіраўніцтвам настаўніцы Крулеўшчынскай СШ Алесі Паляковай.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: на адкрытым уроку настаўніка 1-й катэгорыі Н.В. Цэлічынай.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *