Настаўнік — галоўная прафесія на зямлі

Лепшыя прадстаўнікі гэтай прафесіі сабраліся ў пятніцу ў кінаканцэртнай зале “Іскра”, каб атрымаць узнагароды, падзякі, віншаванні за сваю пачэсную працу, бо, пэўна, няма чалавека на зямлі, які б не ўспомніў добрым словам свайго Настаўніка, які даў яму пуцёўку ў жыццё. Педагогам грамадства давярае сваё самае дарагое багацце – дзяцей, будучых грамадзян краіны. Ад таго, чаму іх навучаць настаўнікі, залежыць, кім яны стануць, якую карысць прынясуць роднай Беларусі.

Докшыцкі раён ганарыцца сваімі настаўнікамі, якія ў сваёй практыцы карыстаюцца вопытам, што назапасілі мінулыя пакаленні і смела выкарыстоўваюць навінкі педагагічнай навукі. Сёлета ўрачыстасць, прысвечаная Дню настаўніка, стала знамянальным днём для тых, чыя шматгадовая, добрасумленная праца па выхаванні падрастаючага пакалення была высока адзначана. Акрамя тых педагогаў, якія былі ўзнагароджаны Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў (іх прозвішчы мы ўжо паведамлялі), Ганаровую грамату ўпраўлення адукацыі аблвыканкама атрымалі дырэктар УА “Крыпульская ДАБШ-сад” І.М. Парцянка, дырэктар УА “Дзяржаўны цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі” А.А. Каляга, настаўнік гісторыі УА “Докшыцкая ДАСШ № 2” А.С. Манукоў, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце УА “Крулеўшчынская ДАСШ” Н.У. Рандарэвіч, загадчыца УА “Барсукоўскі дзяржаўны дзіцячы сад” Г.П. Яцкоўская, настаўнік фізічнай культуры УА “Гарадзішчанская ДАБШ-сад” І.Г. Чарнянін. Шэраг работнікаў адукацыі за высокае педагагічнае майстэрства быў узнагароджаны Граматай аддзела адукацыі і раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Свята прадоўжылася цудоўным канцэртам, які паказаў народны калектыў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі.

Тамара СТАДНЮК.

НА ЗДЫМКУ: гонар і слава мудрым і добрым настаўнікам.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *