Следующий год будет намного легче
Такім прагнозам падзяліўся Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з прадстаўнікамі беларускіх і замежных сродкаў масавай інфармацыі на прэс-канферэнцыі 23 снежня.
У канферэнцыі прыняло ўдзел больш як 400 журналістаў, у ліку якіх упершыню былі і прадстаўнікі рэгіянальнай прэсы. Ад Докшыцкай раённай газеты “Родныя вытокі” быў акрэдытаваны галоўны рэдактар Аляксандр Варанковіч.
Безумоўна, журналісты рэгіянальных СМІ не маглі не скарыстацца выпадкам, каб задаць Прэзідэнту свае пытанні. Сярод іх было і такое: «Чым тлумачыцца павышаны інтарэс кіраўніка дзяржавы да рэгіянальных СМІ?»
Адказваючы на яго, Аляксандр Лукашэнка задаў сустрэчнае пытанне: “А чым нашы мясцовыя газеты горшыя за іншыя? Я падумаў: няхай людзі прыедуць і пабачаць Прэзідэнта на яве. Думаю, што большасць з іх – мае прыхільнікі.”
Рэгіянальныя СМІ Прэзідэнт назваў самымі папулярнымі на месцах, таму што менавіта яны ўздымаюць надзённыя праблемы ў адпаведных рэгіёнах. “Галоўнае, – сказаў ён, – каб вы не былі пакрыўджаныя, не адчувалі сябе горшымі за іншых. Я хачу, каб уся журналісцкая супольнасць, пачынаючы ад газеты “Советская Беларусь” і заканчваючы газетамі раённага маштабу, ведала, што я да ўсіх вас адношуся аднолькава. Вы павінны праводзіць нашу палітыку, і я вас у гэтым буду падтрымліваць”.
Размова кіраўніка дзяржавы з журналістамі прадаўжалася больш за чатыры гадзіны. За гэты час Аляксандр Лукашэнка адказаў прыкладна на 50 пытанняў, якія датычыліся сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, унутранай і знешняй палітыкі Беларусі, розных аспектаў ва ўзаемаадносінах з Расіяй, Еўрасаюзам, іншымі краінамі і рэгіёнамі. Прэзідэнт таксама падзяліўся з журналістамі сваім бачаннем сучаснай сітуацыі ў свеце.
Падводзячы вынікі 2011 года, кіраўнік дзяржавы сказаў: «Я не хацеў бы, каб такі год яшчэ паўтарыўся ў маім жыцці прэзідэнцкім, магчыма, у маім жыцці ўжо непрэзідэнцкім. Але больш за ўсё я не хацеў бы, каб ён паўтарыўся ў гісторыі нашай краіны. Гэта быў вельмі складаны і няпросты год». Аляксандр Лукашэнка лічыць, што 2011-ы застанецца ў гісторыі як год вялікіх урокаў. «Наракаць трэба на сябе. Ён быў. Гэта ўжо гісторыя, і ад яе нікуды не дзенешся, — сказаў ён. — Мы атрымалі добры ўрок на будучае. Жыць трэба па сродках. Калі хочам добра жыць, трэба больш працаваць. Аксіёма. Мы зразумелі, дзе нам трэба падкарэкціраваць нашу палітыку, на што звярнуць увагу, каб такога больш не паўтарылася».
У наступным годзе Беларусь можа разлічваць на захаванне тэндэнцый, якія намеціліся ў канцы 2011-га, па стабілізацыі цэн, а таксама на зніжэнне інфляцыі да ўзроўню 19 — 20 працэнтаў. У той жа час кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што рост зарплаты ў краіне будзе залежаць ад прадукцыйнасці працы.
«Асноўны эканамічны закон аб суадносінах росту заработнай платы і прадукцыйнасці працы будзе выконвацца няўхільна, — сказаў Прэзідэнт. — Гэта адзін з асноўных законаў: працуеш больш — атрымлівай больш, не працуеш больш, значыць, больш не атрымаеш. Мы будзем арыентавацца на гэтыя асноўныя законы». Пры гэтым, калі «ёсць у бюджэце грошы — апошнюю капейку, рубель мы аддадзім людзям», — дадаў ён. Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што ў гэтым годзе зарплаты і пенсіі ў краіне павышаліся без выкарыстання эмісійнага механізму.
Прэзідэнт запэўніў, што ў Беларусі не будзе адыходу ад сацыяльна арыентаванай эканомікі. Ён расказаў, што пенсійны ўзрост у краіне павышаць не плануецца. Дзяржава і ў далейшым будзе падтрымліваць сем’і з дзецьмі. Акрамя таго, ураду даручана выпрацаваць адзіную канцэпцыю падтрымкі дзяцей.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што Беларусь не плануе новых знешніх пазык на камерцыйных умовах.
У час прэс-канферэнцыі было закранута і пытанне продажу «Белтрансгаза». Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ён ажыццяўляўся ў інтарэсах беларускага народа і з’яўляецца вельмі выгаднай здзелкай. Прэзідэнт растлумачыў, якімі рэзонамі кіраваўся, прымаючы такое рашэнне: гэта здзелка ішла ва ўвязцы з іншымі дамоўленасцямі з Расійскай Федэрацыяй. У прыватнасці, з выдзяленнем расійскага крэдыту на будаўніцтва АЭС, а таксама з устанаўленнем выгадных цэн на газ і нафту на будучы год. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, умовы паставак нафты ў Беларусь «будуць яшчэ лепшыя, чым у гэтым годзе, і такіх умоў мы, напэўна, за пяцігодку наогул не мелі па нафце».
Па просьбе журналістаў Прэзідэнт пракаменціраваў вынікі ўступлення Расіі ў СГА. На думку Аляксандра Лукашэнкі, на беларускіх таваравытворцаў гэта ніяк не паўплывае. Разам з тым, падкрэсліў ён, нельга расслабляцца. Беларусь таксама вядзе перагаворы па ўступленні ў СГА. Гэта дае і дасць краіне вялікія перавагі, асабліва ў рабоце з Еўрапейскім саюзам, іншымі дзяржавамі.
Гаворачы пра ўзаемаадносіны Беларусі з Еўрасаюзам, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што «Беларусь зрабіла 21 крок насустрач ЕС, а Еўрасаюз у адказ — ніводнага».
«Яны хочуць зламаць канстытуцыйны лад краіны. Я да гэтага не гатовы… Скажу прама — гэтага не будзе. Народ Беларусі атрымаў сваё права быць народам упершыню за ўсю гісторыю. І мы яшчэ і таму не пацерпім ніякага дыктату з боку ўсходу, захаду, поўдня або поўначы… Мы самі вызначымся», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі будуць праведзены палітычныя рэформы, прычым ужо ў бліжэйшы час. Пры гэтым ён падкрэсліў, што гэта не датычыцца змянення заканадаўства пад правядзенне маючых адбыцца парламенцкіх выбараў. Прэзідэнт таксама паабяцаў, што не будзе ўмешвацца ў будучыя парламенцкія выбары, і параіў апазіцыйным лідарам ісці «ў народ», працаваць з выбаршчыкамі, каб прадстаўляць інтарэсы сваіх партый у парламенце. «Які парламент выбераце вы, народ, такі ў нас парламент і будзе», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Сярод важнейшых падзей 2011 года Прэзідэнт адзначыў прарыў Беларусі ў рамках інтэграцыйных утварэнняў на постсавецкай прасторы: у Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы. Важнай падзеяй для краіны з пункту гледжання бяспекі Аляксандр Лукашэнка лічыць правал перагавораў ЗША і Расіі па проціракетнай абароне — гэта закранае і Беларусь як ваенна-палітычнага саюзніка Расійскай Федэрацыі. Прэзідэнт падкрэсліў, што рэвалюцыі ў арабскіх краінах з’яўляюцца адлюстраваннем сусветнай барацьбы за рэсурсы, у першую чаргу, энергетычныя. Ва ўмовах эканамічнага крызісу, які ахапіў Захад, гэта барацьба будзе толькі абвастрацца.
З падзей у Беларусі, Прэзідэнт выдзеліў тэракт у мінскім метро: «Гэта, вядома, незвычайны выпадак, ён засланяе ўсе астатнія факты».
«Прыкладна такія ўнутраныя і знешнія фактары пазітыўнага і негатыўнага характару мелі месца ў адыходзячым годзе», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
На прэс-канферэнцыю былі акрэдытаваны журналісты з больш як 300 сродкаў масавай інфармацыі як дзяржаўных, так і недзяржаўных, а таксама замежных. Дзве трэці прысутных прадстаўлялі рэгіянальную прэсу.