В Докшицкой больнице работает молодой врач-педиатр
У Докшыцкай ЦРБ Алена Бобрык працуе другі год. Спачатку яна дастойна вытрымала інтэрнатуру і летам 2011 года афіцыйна стала ўрачом-педыятрам. Галоўны ўрач ЦРБ Сяргей Кубар прапанову расказаць пра маладога спецыяліста на старонках газеты падтрымаў адразу, адзначыўшы, што кандыдатура вельмі дастойная. А райпедыятр Зоя Салаўёва пра маладога доктара казала так:
– Камунікабельная і ўважлівая да нашых пацыентаў, дасведчаная, з ахвотай успрымае новыя веды, ды і калектыву з ёй камфортна працаваць.
Алена – дзяўчына мясцовая. Нарадзілася і жыла ў Бягомлі. Быць урачом з дзяцінства не марыла. Шмат любіла чытаць (і, па прыкладзе мамы Ірыны Мікалаеўны, уяўляла сябе бібліятэкарам), хадзіла ў музычную школу, цягнула ў кватэру ўсіх вулічных катоў, карміла іх ля пад’езда сваёй шматпавярхоўкі, спачувала і дапамагала ўсяму жывому… А калі апошні школьны май з’явіўся на гарызонце і Алене прыйшлося рабіць выбар навучальнай установы, павагаўшыся, падала дакументы ў медыцынскі. Хімію і біялогію яна любіла, сумнявалася толькі, ці хопіць моцы са звычайнай школы штурмаваць прэстыжную альма-матэр. Ведаў хапіла, і яна стала студэнткай бюджэтнага аддзялення.
Праўдзівасць меркавання, што ў медінстытуце вучыцца асабліва цяжка, дзяўчына адчула з першага месяца. Спакусы штосьці не вучыць у надзеі наўдачу ў яе не было, бо шчыра разумела, што ў будучым за гэта можна паплаціцца здароўем чалавека. Шэсць гадоў вучобы праляцелі хутка. За гэты час студэнтка Бобрык і да шматлікіх практычных заняткаў у медустановах нашага абласнога цэнтра прызвычаілася, і ў правільнасці свайго выбару канчаткова ўпэўнілася.
– Алена Міхайлаўна, а чаму выбралі менавіта спецяльнасць педыятра?
– На гэта магу адказаць адразу, без разважанняў. Курса да чацвёртага я бачыла сябе кардыёлагам, а потым… Потым у нас была практыка ў абласной дзіцячай бальніцы. Трапіўшы туды, я першы раз не адчула ўражання бальніцы, якое звычайна ўзнікае пры наведванні медустаноў. Маленькія пацыенты хутка настройвалі на асабліва шчыры лад, урачы і медсёстры былі вельмі адкрытымі, з лагоднымі выразамі твару… Нейкае імгненне – і выбар быў зроблены.
– Шкадуеце?
– Не, і яшчэ раз не. Канешне, пацыенты ў нас да 18 гадоў, і да ўсіх іх трэба шукаць словы звароту і нават інтанацыю. Але гэта не надта ўжо і цяжка. Дарэчы, маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі часта лепш, чым падлеткі, ведаюць пра тое, чым іх лечаць дарослыя, памятаюць назвы лекаў і вітамінаў. Многія малышы мяне запамінаюць, нават вітаемся як сябры.
– Няўжо нішто ў рабоце не засмучае?
– Пакуль толькі адно: я добра разумею, што яшчэ пачынаю знаёміцца з практычнай педыятрыяй, таму менавіта практычных ведаў хапае не заўжды. Падыходы ў лячэнні дзетак значна адрозніваюцца ад лячэння дарослых. Дзіця нельга ўспрымаць спрошчана, лічыць яго маленькім дарослым. Анатамічнае, фізіялагічнае, эмацыянальнае і імуналагічнае развіццё ў яго не завершана, і парушэнне гэтых працэсаў вельмі небяспечна. Дзеці, бывае, хварэюць такімі захворваннямі, якія рэдка сустракаюцца ці ўвогуле не характэрны для дарослых. Але мне ёсць у каго спытаць: калектыў дзіцячай кансультацыі вопытны і ў дапамозе не адмаўляе.
– А якімі турботамі яшчэ на новым месцы жыве малады спецыяліст?
– Докшыцы я б не назвала новым месцам. Тут нарадзілася мая мама, доўгі час жыла бабуля, таму горад мне родны з дзяцінства. А, акрамя працы, клопаты ў мяне самыя прыемныя. Дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва раёна, не так даўно атрымала службовую кватэру, таму зараз пакрысе яе абжываю. Пасля студэнцкага жыцця ў інтэрнаце такая радасць — мець уласны куток.
Алена Міхайлаўна яшчэ толькі пачынае свой жыццёвы шлях і вельмі хацелася б, каб яе шчаслівая сцяжынка вілася па докшыцкай зямлі.
Наталля НАВІЦКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: педыятр Алена Бобрык вядзе прыём.
Фота: В. Чарвінскага.
только хороший муж из Докшиц сможет удержать девушку в провинции. надо искать кавалера!