Докшицкий ветеран с богатой биографией

На снимке: В.И. Якушевский.

Валянцін Іванавіч Якушэўскі – чалавек у раёне вядомы, асабліва на Бягомльшчыне. Слава заслужаная, бо менавіта гэтаму краю Валянцін Іванавіч аддаў больш за сорак год свайго жыцця.

Прыехаў у Бягомль у 1953 годзе па размеркаванні пасля заканчэння БДУ. За плячамі ў маладога настаўніка было баявое мінулае. На Магілёўшчыне, адкуль быў родам, Якушэўскі стаў партызанам атрада імя Шорахава. Здарылася гэта пасля таго, як фашысты расстралялі яго роднага брата, які быў байцом дыверсійнага атрада. Потым прыехалі за Валянцінам. Яго ўратавала тое, што не быў гэтым часам дома. Пасля хлопец узяў зброю, якую яшчэ раней прыхаваў і пайшоў прасіцца ў партызаны. Яго ўзялі, хаця і не падыходзіў па ўзросце. Пасля вызвалення, зімой 1945 года быў прызваны ў армію. Хутка стаў байцом 689 артылерыйскага палка 27 дывізіі, якая ўваходзіла ў склад 2-га Прыбалтыйскага фронту. Баявое хрышчэнне атрымаў у Прыбалтыцы ў час знішчэння курляндскай групоўкі немцаў. Там жа атрымаў асколкавае раненне ў жывот, таму Перамогу прыйшлося сустракаць у шпіталі. За баявыя заслугі Валянцін Якушэўскі быў узнагароджаны медалём “За адвагу”, затым — “За перамогу над Германіяй” і іншымі ўзнагародамі.

Педагагічную дзейнасць у Бягомльскім раёне Валянцін Іванавіч пачаў з пасады дырэктара Асаўской сярэдняй школы. Праз некаторы час быў прызначаны загадчыкам аддзела народнай адукацыі, а потым намеснікам старшыні райвыканкама. На ўсіх гэтых пасадах займаўся будаўніцтвам школ. Зараз з гонарам успамінае, што за некалькі год у спаленых, разбураных вёсках Бягомльшчыны дзецям была дадзена магчымасць вучыцца ў асобных школьных будынках, а не ў прыстасаваных для гэтага сялянскіх хатах, а то і зямлянках, як было адразу пасля вайны.

У райвыканкаме Якушэўскі працаваў да ліквідацыі ў 1960 годзе Бягомльскага раёна. Пасля гэтага ўзначаліў толькі што створаную Бягомльскую школу-інтэрнат. Калі яна была перапрафіліравана ў дапаможную, каб ведаць асаблівасці развіцця сваіх новых вучняў, зноў стаў студэнтам і атрымаў яшчэ адну вышэйшую адукацыю – педагога-дэфектолага.

На пенсію Валянцін Іванавіч выйшаў у 1986 годзе, але яшчэ сем год выкладаў у сваёй школе гісторыю. Актыўна займацца грамадскай работай ён працягвае і зараз.

Як аказалася, менавіта Валянцін Іванавіч Якушэўскі быў першым старшынёй раённай арганізацыі ветэранаў, і дарэчы, на грамадскіх пачатках. А Уладзімір Францавіч Паруль быў у яго намеснікам. Пасля таго, як Якушэўскі склаў паўнамоцтвы, бо надта нязручна было некалькі разоў на тыдзень ездзіць з Бягомля у Докшыцы, старшынёй стаў У.Ф. Паруль. І зараз без удзелу Валянціна Іванавіча не абыходзіцца ніводная сустрэча ветэранаў, ніводнае раённае мерапрыемства. Ён часты госць у Бягомльскіх школах, з задавальненнем прымае вучняў у сябе. Ветэрану з такой багатай біяграфіяй заўсёды ёсць што сказаць людзям.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

 Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *