Да галоўнай ёлкі — парадам
Няхай сучасныя дзеці даўно ведаюць, што Дзед Мароз – гэта пераапрануты тата, ці сусед дзядзька Толя, або работнік культуры. Усё роўна, калі запахне мандарынамі і ігліцай елкі, сэрца замірае ў чаканні цуда, і яно абавязкова прыходзіць. Прыносіць яго ўсё той жа Дзед Мароз са сваёй унучкай Снягуркай.
Сёлета цуд у Докшыцы прынеслі сорак Дзедаў Марозаў. Яны крочылі па цэнтральнай вуліцы горада на каталіцкія Каляды чароўнай калонай да галоўнай ёлкі раёна (на здымку), а на тварах гледачоў усіх узростаў панавала неверагоднае захапленне: дзеці акунуліся ў казку, а дарослыя на імгненне сталі дзецьмі. Узначальваў калону вясёлы, добры Дракончык, год якога вось-вось павінен наступіць.
Пасля прыгожага шэсця ля галоўнай ёлкі пад кіраўніцтвам галоўнага Дзеда Мароза і Матухны-Зімы пачалося вясёлае забаўляльнае шоу. Да Дзедаў Марозаў і Снягурак можна было падысці бліжэй, разгледзець іх прыгожае ўбранне і нават пабегаць з імі ў карагодзе. Дзядулі, не глядзі што ў гадах, аказаліся спрытнымі, гарэзлівымі свавольнікамі, якія і на “лыжах” па асфальце ўмеюць хадзіць, і песні спяваць, і вершы чытаць, і на гармоніках Снягуркам акампаніраваць. Карагоды, конкурсы і ўсялякія іншыя забавы былі намнога цікавейшымі, чым звычайна, бо плошча чырванела ад убрання Дзедаў Марозаў.
Застаецца дадаць, што непараўнальнае свята ў выглядзе парада навагодніх герояў для жыхароў раёна прыдумалі ў аддзеле культуры райвыканкама, а ўвасобіць яго ў жыццё дапамаглі школы, дзіцячыя садкі, установы культуры раёна і прадпрыемствы горада. Генеральная рэпетыцыя навагодніх ранішнікаў прайшла цудоўна і прама з яе Дзяды Марозы са Снягуркамі адправіліся на навагоднія ранішнікі.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.
Было очень интересно! Особенно малышам.