Новый дом от ГП «Порплище»

Пра дагледжаны, прыгожы дом у народзе кажуць, што ён як цацка. Менавіта цацкай хочацца назваць і дом, які ў мінулым годзе з’явіўся ў перадавой даяркі МТФ “Чачукі” ДП “Порплішча” Зоі Аляксандраўны Кулай. Праўда, і той, стары, таксама быў узорнага парадку: ашаляваны, пафарбаваны, а вакол яго раслі кветкі, агародніна. Адзін недахоп – невялічкі. Ды і стары. Зоя Аляксандраўна вельмі хацела пажыць у новым. Стаяла ў дзяржпрадпрыемстве на чарзе. І дачакалася.

На снимке: З.А. Кулай возле своего нового дома.

 

Мінулы год для аператара машыннага даення ўдаўся асабліва шчаслівым. Вырашыліся яе жыллёвыя праблемы, у чарговы раз выйшла яна ў лідары па надоях малака. А ўвогуле, па жыцці яна сябе лічыць шчаслівай.

 

Дарэчы, у Кулай заўсёды высокія паказчыкі. Жывёлу любіць, працу сваю – таксама. Ведае, калі на якую карову трэба звярнуць асаблівую ўвагу, калі трэба выклікаць ветурача, каб своечасова дапамагчы рагульцы, каб тая не знізіла надоі. Пры гэтым, яна не хітрыць, не спісвае сваю стараннасць на высокія матэрыі, а гаворыць па-сялянску проста і адкрыта:

 

– Як папрацую, так і атрымаю. Грошы пакуль не адмянялі. Яны патрэбны, каб прыстойна жыць. А для гэтага – добра працаваць, што я і раблю.

 

Зою Аляксандраўну можна назваць жывёлаводам з вялікай літары. Умелая, увішная, па характары вясёлая, у справе – сур’ёзная. Паспрабавала неяк сябе ў ролі паштальёна. Хоць заробак нядрэнны быў і работа, як кажуць, чыстая, але вярнулася ў жывёлагадоўлю.

 

На рабоце чалавек праводзіць больш часу, чым дома. А таму, калі рабіць тое, што табе не падабаецца, то ні толку не будзе, ні здароўя. Так лічыць мая суразмоўца, бо ўпэўнена, што стан душы залежыць ад нерваў.

 

Цяпер душа Зоі Кулай лікуе. Ёй прыемна займацца добраўпарадкаваннем новага жылля. Яна абдумана абстаўляе пакоі. Купіла кухонную мэблю, а таксама ў залу. На чарзе – спальны гарнітур. Ужо ёсць уся неабходная бытавая тэхніка. На ўсю абстаноўку, пражыццё патрэбныя грошы. Але не толькі дзеля гэтага працуе шчырая жанчына. Сумлення і адказнасці ў яе не адняць.

 

– У мяне няма розніцы паміж уласнай жыўнасцю і грамадскай, – гаворыць Зоя Аляксандраўна. – Кожная жывёліна патрабуе пільнага догляду, своечасовага лячэння і добрых адносін. Нездарма за мяжой у кароўніках гучыць музыка. Я таксама люблю спяваць, калі працую, пагладжу па шэрсці карову і мне здаецца, што яна адчувае пяшчоту і дзячыць малаком.

 

Гэты перыяд у групе З.А. Кулай спакойны: большасць кароў у запуску. А таму і аператар машыннага даення пайшла ў чарговы водпуск. Перад патокам вялікага малака трэба адпачыць, набрацца сілы. Дарэчы, Зоя Аляксандраўна ў гэтым годзе бярэ на раздой пяршачак. Справа гэта складаная і патрабуе ўмення, сіл, цярпення. Ёсць надзея, што ў аператара Кулай гэта атрымаецца, як заўсёды, “на выдатна”.

 

Нэлі МІХАЛЕВІЧ.

 

 Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *