Исполняет чудеса новогодняя сказка
Заслону 2011 года ў нашым раёне апускалі гучна, ярка і запамінальна, пад звон навагодніх карагодаў і яркія выбухі феерверкаў. Дзед Мароз са сваёй унучкай паспеў пабываць на ўсіх ранішніках і святах. З асаблівым хваляваннем спяшаўся ён да навагодняй ёлкі, якая была падрыхтавана для дзяцей і моладзі з абмежаванымі магчымасцямі ў кінаканцэртнай зале “Іскра” 30 снежня.
Павіншаваць дзяцей са святам прыйшлі старшыня райвыканкама Алег Пінчук, яго намеснік Валянціна Рандарэвіч і старшыні сельскіх і пасялковага Саветаў. Ад імя ўсіх прадстаўнікоў раённай улады гаварыў Алег Леанідавіч. Ён шчыра павіншаваў дзяцей і моладзь з надыходзячым святам, пажадаў ім моцнага здароўя, дабрабыту, радасці, цяпла і аптымізму. Падзякаваў бацькам і ўсім людзям, што па доўгу сваёй прафесіі і па клічу сэрца працуюць з дзецьмі, якія маюць фізічныя асаблівасці, акружаюць іх клопатам і любоўю, дапамагаюць ім камфортна адчуваць сябе ў грамадстве. Выказаў сваю вялікаю павагу і захапленне гэтымі людзьмі, пажадаў, каб усе іх высакародныя мары споўніліся ў надыходзячым годзе.
Распачынаў свята музычны спектакль “Падарожжа ў краіну казак”, які падрыхтавалі малодшыя выхаванцы Докшыцкай школы мастацтваў. Пераканаўчая акцёрская ігра, выдатнае выкананне песень, яркія касцюмы і дэкарацыі стварылі святочны настрой гледачам, захапілі іх яскравым уладараннем урачыстасці і цудадзейнай сілай дабрыні. Падхапіўшы гэты святочны настрой, дзейства плаўна перанесла сваіх гасцей у фае залы да навагодняй ёлкі, дзе ўсе з гледачоў ператварыліся ў герояў чароўнай казкі. З задавальненнем выконвалі ўсе заданні Снягурачкі, каб расчараваць Дзеда Мароза, запаліць агеньчыкі на ёлцы. З дапамогай Бабы Ягі, Ката Матроскіна і Дракона гэта ўдалося зрабіць надзвычай лёгка і весела. Дзядуля выйшаў да дзяцей з вялікім мехам падарункаў. Вадзіў карагоды, удзельнічаў у гульнях, катаў дзяцей у санях, здзяйсняў цуды, выслухаў усе вершыкі і песні.
Свята атрымалася цудоўным. Усмешкі доўга не сыходзілі з дзіцячых твараў. Няхай яны стануць падарункам тым, хто падрыхтаваў для дзяцей такое шыкоўнае свята: актывістам ГА “БРСМ”, артыстам Гарадскога цэнтра культуры і школы мастацтваў, работнікам Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і, канечне, спонсарам.
Таццяна СТАДОЛЬНІК.
НА ЗДЫМКУ: верш Дзеду Марозу чытае Усходняя Прыгажуня.
Фота аўтара.