Калі ёсць жаданне — поспех прыйдзе

Перад жывёлаводамі раёна, як і краіны ў цэлым, сёння стаіць важнейшая задача: падняць галіну на якасна новую ступень развіцця. Вялікая роля ў яе ажыццяўленні адводзіцца будаўніцтву новых і рэканструкцыі дзеючых жывёлагадоўчых ферм.

Першыя крокі ў гэтым напрамку ў раёне ўжо зроблены: у мінулым годзе многія фермы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў рэканструяваны. На ферме “Дубраўка”, што ў дзяржпрадпрыемстве «Гняздзілава-Агра», вялікай рэканструкцыі не патрабавалася, летась там быў праведзены бягучы рамонт: перакрыты дах памяшкання, пабелены сцены, уцеплены дзверы. У самім памяшканні чыста, цёпла, суха. Тут утрымліваецца 417 цялушак злучнога ўзросту. Такі ж парадак і на прыфермскай тэрыторыі. А гэта сведчыць аб тым, што жывёла знаходзіцца тут у руках адказных і працавітых людзей. І, перш за ўсё, варта адзначыць сур’ёзныя адносіны да даручанай справы брыгадзіра фермы Ірыны Васільеўны Васілевіч, бо менавіта з кіраўніка калектыву ўсё пачынаецца. Толькі 6 год кіруе яна тут вытворчым працэсам, аднак перамены да лепшага ўжо бачныя. Падчас гутаркі з брыгадзірам адчуваеш, што яна неабыякава адносіцца да ўсяго, што тычыцца працы жывёлаводаў, стараецца, каб  заробкі, якія яны атрымліваюць, адпавядалі іх працоўнаму ўдзелу і былі дастойнымі. Кіраўнік калектыву пастаянна напамінае сваім падначаленым, што іх заработная плата залежыць ад іх саміх. Трэба толькі добрасумленна выконваць даручаныя абавязкі: своечасова прыходзіць на работу, згодна з тэхналогіяй карміць і даглядаць жывёлу, утрымліваць яе ў чысціні, словам, захоўваць вытворчую і працоўную дысцыпліну. Таму кожны жывёлавод ведае, за што ён можа мець прыбаўку да сваёй заработнай платы. Галоўнае – гэта атрымліваць высокія прывагі жывёлы. А яны будуць высокімі тады, калі даглядаць жывёлу як сваю ўласную. Здавалася б,  не такія ўжо і вялікія  патрабаванні. А з іх у канчатковым выніку выцякае той самы каэфіцыент працоўнага ўдзелу, ад якога і залежыць памер заработнай платы жывёлаводаў. Калі выконваць усе працоўныя абавязкі так, як патрабуецца, то можна да 50 працэнтаў дадатковай платы атрымаць.

У мінулым месяцы, як сказала брыгадзір,  цялушкі прыбывалі у суткі дзесьці на 480 – 500 грамаў. Яна ўпэўнена, што летам гэты паказчык будзе даходзіць да 700 грамаў.

– Я дагэтуль працавала ў зусім іншай сферы, была гандлёвым работнікам,– расказвае Ірына Васільеўна. – Ды жыццёвыя абставіны склаліся так, што прыйшлося памяняць занятак.  Але чалавек усяму можа навучыцца, калі ёсць вялікае жаданне і добрыя настаўнікі, – пераканана  яна.– Я люблю жывёлу, дома трымаю невялікую гаспадарку – козачку, свіней, курэй.

Да сказанага трэба дадаць, што Ірына Васільеўна па сумяшчальніцтве выконвае яшчэ і абавязкі асемянатара. Спраўляецца няблага. За час, які яна працуе на ферме, гэта ў яе ўжо трэці выпуск цялушак.  Імі папаўняюцца дойныя статкі на фермах “Вітунічы”, “Жары”, “Атрубок”.  Старыя нізкаўдойныя каровы выбракоўваюцца, на іх месца  ставяцца групы раздою пяршачак. Працэс узнаўлення дойнага статка прадаўжаецца.

АННА ЖОЎТКА.

На здымку: брыгадзір фермы “Дубраўка” Ірына Васільеўна Васілевіч.

Фота В. Чарвінскага. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *