Святая Болеслава в жизни учительницы из Докшиччины

 “Маліцеся горача, імкніцеся, дабівайцеся, уздыхайце, прасіце, схіляйцеся нізка, каб Бог схіліўся над намі”.

                                                                                                                                                   Благаслаўлёная Баляслава Лямэнт.

 Апякунка адзінства хрысціянаў, благаслаўлёная Баляслава Лямэнт, якая доўгі час працавала на тэрыторыі Беларусі, у кожным, каго сустракала на сваім жыццёвым шляху, бачыла дзіця Божае. Яна не звяртала ўвагі на тое, да якой канфесіі належыць чалавек, — усім аказвала патрэбную дапамогу, для ўсіх знаходзіла месца ў сваім сэрцы. Яе праца і малітва на працягу жыцця былі адказам на прызыў Божы: “Каб усе былі адно!” (пар. Ян 17, 21).

  І апошнія стануць першымі.
 А жыццё маё стане вершамі.
 Стануць беды мае далёкімі.
 Узвышаюся моцнай вераю,
 Паўтараю зноў: “Госпадзі, верую!”
                                Марыя Дзюбак.

  

 Рассудзі, Божа Праведны!

 

…Аднак, як хутка ўсё заканчваецца — урок, дзень, месяц і нават жыццё! Каб Гасподзь дазволіў перажыць гэта яшчэ раз — цікава, як кожны б з нас пражыў? Ці зусім нанава ці ізноў тым самым чынам? Бог жа стварыў чалавека для шчасця, людзі шукаюць яго амаль усё жыццё, і не ўсе знаходзяць — чаму?.. Бо ўпацьмах шукаюць, без Бога.

 Здаецца, менавіта на гэтай бясспрэчнай ноце скончылі мы размову з Марыяй Браніславаўнай — сціплай, адкрытай, высокай і разам з тым — таямнічай, а мне зноў хочацца з ёю сустрэцца, каб прадоўжыць, каб зноў слухаць яе разважанні, бачыць яе вочы і разам перажываць перажытае. Скажаце, так не бывае? Яшчэ як бывае! Марыя Браніславаўна — эмацыянальная і адначасова стрыманая. Я зразумела гэта, калі ў рэдакцыю ад яе прыйшоў першы ліст, дзе ў вершаваных радках хвалявалася трапяткая жаночая душа — і пакутавала, і спявала, і каялася, і малілася… А яшчэ — бясконца любіла вёску, з яе маляўнічымі пейзажамі, непаўторным водарам чаромхі і бэзу, з роснымі ранкамі над ціхай рачулкай Сэрвач…

 Ці магчыма, думалася тады мне, змясціць гэтыя ўсе пачуцці ў сваім сэрцы, а змясціўшы, — з цягам часу не растраціць, не даць ім зачарсцвець? У сталым веку кахаць, як у маладосці? Кахаць пасля таго, як прыгожыя светлыя пачуцці затоплены — тым самым каханым — у алкагольным моры? Кахаць яго нават пасля ягонай недарэчнай смерці? Што гэта — абсурд ці цуд, на які здольны чалавек, любячы бліжняга, наваколле, свет? Рассудзі, Божа Праведны!

 На раздарожжы

 З першым мужам пабраліся, калі былі яшчэ студэнтамі. Яна заканчвала вучобу ў інстытуце, ён — пачынаў. Прыгожы, пылкі, гаваркі… Яе накіравалі працаваць у Лісавіцкую школу, лічы што на радзіму (Марыя нарадзілася ў в. Парэчча Докшыцкага раёна), а яе выбраннік застаўся ў сталіцы з вясёлымі студэнцкімі дыскатэкамі. Вясковыя жанчыны, бывала, пажартуюць: “Ой, глядзі, Марыйка, дзяўчат прыгожых многа, а ў мужчын гарантыі няма…” Яна толькі ўсміхаецца: “Самая вялікая гарантыя — яго дачка, наша Надзейка”.

 Каб сям’я была мацнейшая, Марыя ўгаварыла суджанага пайсці з ёю ў касцёл. Згадзіўся. Аднак, улічваючы “асаблівасці гістарычнага перыяду”, шлюб бралі спехам, без належнай падрыхтоўкі — каб ніхто не ведаў, не бачыў, не запісваючы ў адпаведную кнігу. Нібыта ўзялі, нібыта не… Да касцёла добра б пайсці удваіх у нядзельку ці на свята, але як?.. Самыя “пільныя” адразу “данясуць” начальству… Да таго ж, ён з праваслаўных і наогул нікуды не спяшаўся — ні ў касцёл, ні ў царкву… Хіба толькі ў які-небудзь піўны бар ці ў сельскую краму, калі завядзецца ў кішэні грош. А зрэшты, пакінуўшы вучобу, прыехаў у Парэчча, і апынуліся яны на раздарожжы.

 Мо б яно і склалася б, але была яшчэ адна акалічнасць, якой нічога не змагла супрацьпаставіць маладая жанчына: мужа моцна клікала назад да сябе яго радзіма — суседняя Украіна. Ездзіў туды — то на кароткі час, то на больш працяглы… паехала за ім аднойчы і Марыя Браніславаўна, уладкавалася на працу, але на кожным кроку ёй ставілі ўмову: авалодаць украінскаю моваю і карыстацца толькі ёю! І гэта ёй — настаўніцы беларускай мовы і літаратуры! Той самай Марыі, якая з калыскі была ўлюбёная ў родныя мясціны, матчыну мову і даражыла гэтым як самым даражэйшым скарбам. Той самай Марыі, якая прысвяціла роднаму Парэччу дзясяткі цудоўных шчырых вершаў!

 Па рыжыя лісічкі, што побач з сыраежкамі,
 Прамоклая да пояса ў ранішняй расе,
 Іду грыбнымі сцежкамі, а сосны блізка — вежамі
 Стаяць, галовы ўскінуўшы, у велічнай красе.

 “Не, тут мае хатнішча і мова”, — сказала сабе парэччанка і засталася з дзвюма дачушкамі ў роднай вёсцы назаўсёды. Гадаваць дзяцей дапамагалі бацькі, а муж хутка завёў сабе новую сям’ю ва Украіне і — як камень у ваду: ні аліментаў, ні дапамогі… Праз некаторы час яны развяліся.

 Другі шанс

 Жыццё тым часам віравала: школа, бясконцыя вучнёўскія сшыткі, у сваёй хаце дзве вучаніцы… Але гэта не перашкаджала нараджацца новым вершам, захапленне паэзіяй стала адметнасцю жыцця маладой настаўніцы, надало яму нейкі філасофскі змест. Друкавалася Марыя Браніславаўна на старонках раённай газеты “Родныя вытокі”, “Беларускай нівы”, “Настаўніцкай газеты”, у штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, часопісах “Роднае слова”, “Вожык”. Яе запрашалі на літаратурныя вечарыны, сустрэчы…

 Імя Марыі Дзюбак было вядомым досыць шырокаму колу чытачоў, калі ў яе жыцці з’явіўся другі мужчына — эрудыт (настаўнік у суседняй вёсцы), прыгажун, рамантык… На памяць ведаў яе вершы, падзяляў кожны подых яе душы і свайго захаплення жанчынаю ні ад каго не ўтойваў. Гэта яе не пакідалі сумненні: па-першае, маладзейшы за яе; па-другое — яна ўжо была венчаная… Як будаваць жыццё ў такім выпадку?..

 Пра розніцу ва ўзросце “малады” не хацеў слухаць, а да таго, каб у высокіх касцёльных інстанцыях прызнаць шлюб несапраўдным, справа не дайшла, хоць першыя крокі ў гэтым накірунку былі зроблены. Шчырай і даверлівай Марыі Браніславаўне ў нейкі момант падалося, што Бог зноў дае ёй шанс, і з лёсам сваім яна пакорліва згадзілася, пасвятлела тварам:

 Любы, дарагі, неспадзяваны…
 Словы, быццам музыка, гучаць.
 Я сустрэлася з табой, каханы,
 Каб жыццё спачатку зноў пачаць…
 Урачыста граюць нам арганы,
 Ды ніколі нас не павянчаць.
 Любы, родны, дарагі, каханы…
 Словы, быццам музыка, гучаць.

 Была афіцыйная рэгістрацыя, віншаванні родных, сяброў, дапытлівыя позіркі маіх ужо не зусім маленькіх дачушак… Пачалі сумеснае жыццё. І што далей?

 — У хуткім часе з дому пачалі прападаць рэчы — спачатку яго асабістыя: адно, другое, трэцяе… Потым яшчэ і яшчэ… Да таго ж “прапажы” абрасталі фантастычнымі гісторыямі, а вочы мужа ўсё болей затуманьваліся — запоі сталі звычайнаю справаю… Мне было крыўдна, сорамна, балюча. Са страхам думала: “Божа мілы, каго я нараджу?”, — ад успамінаў жанчына ледзь перавяла дух…

 У Марыі Браніславаўны нарадзілася слаўная дзяўчынка Жэнька. Відаць, гэта Соф’я Іосіфаўна, маці Марыі, вымаліла сабе ў Бога трэцюю ўнучку. Штодня стаяла на каленях, адгаворваючы ружанец, хадзіла да Маці Божай Будслаўскай, просячы здароўя для ўсёй сям’і, збавення ад алкагалізму — зяцю.

 Моцна пакутвала душою і Марыя: “Сама вінаватая! Навошта прывяла яго сюды? І Надзя з Аксанкаю аб усім здагадваюцца; жывучы разам, нічога не затоіш… Ды што таіць — трэба шукаць паратунку, ён жа бацька самай малодшанькай…”

 На вочы трапіў абразок благаславёнай Баляславы Лямэнт, пра добрыя справы, цярпенне і малітвы якой яна чула многа разоў… “Боже, Ты для большей славы Твоего имени свершил, что блаженная Болеслава посвятила себя службе делу единства христиан, дай посредством ее покровительства, чтобы те, которые освящены единым крещением, объединились в вере и братской любви под предводительством единого Пастыря, а мне благоволи дать благодать (і Марыя дадала: “благодать трезвости моего мужа”), о чём с надеждой прошу. Через Христа, Господа нашего. Аминь».

 Маліцеся горача!

 — У жыцці нічога няма выпадковага, — гаворыць Марыя Браніславаўна, — гэты абразок даў мне надзею. Пачала чытаць, вывучаць жыццё заснавальніцы. Супольніцтва сясцёр-місіянерак Святой Сям’і, асаблівай мэтай якога Баляслава абвясціла працу і малітву дзеля дасягнення адзінства паміж Каталіцкай і Праваслаўнай Цэрквамі. На нейкі час гэта стала маёй таямніцаю. Разважаючы над намаганнямі благаславёнай, я пачала “праектыраваць” нейкім чынам іх сябе — каб быць моцнай; адбівацца ад зла; рабіць дабро людзям; збліжацца з веравызнаннямі (мой другі муж таксама быў з праваслаўных). Я хацела выратаваць яго ад захворвання і рабіла ўсё так, як вучыла Баляслава: “Маліцеся горача, імкніцеся, дабівайцеся, уздыхайце, прасіце, схіляйцеся нізка, каб Бог схіліўся над намі”. Я верыла, што ёсць нешта такое, што патрэбна адчуць, праз што патрэбна прайсці, каб прыблізіцца да святасці, да сапраўднай дабрыні і Хрыстовай любові… У думках раілася з благаславёнаю Баляславай, і духоўная праца над яе асобай набыла форму літаратурнай кампазіцыі:

 О Маці Баляслава! Суцяшэнне
 Нясеш ты шчыра для ўсіх людзей.
 Мы згадваем ізноў тваё вучэнне.
 Праходзіць час — мы згадваем часцей.
 Тваё аблічча, думкі і малітвы,
 І міласэрнасць, і хвалу Хрысту,
 Тваю навуку, і жывую існасць,
 І сціплую зямную прастату.

 …Трымаю ў руках надрукаваны на васьмі старонках твор пад назвай “Благаславёная Баляслава — заступніца люду Божага” і разумею, што ў ім — два жыцці: адно, аддадзенае цалкам Богу і людзям, жыццё Баляславы Лямэнт, другое — настаўніцы Марыі, якая ў сваіх пачуццях і намаганнях сэрца імкнулася выкарыстаць вопыт працы душы благаславёнай — таксама дзеля дабрыні бліжняга:

 —…Мужа ратавала і добрым словам, і шчыраю малітваю, і лячэннем у наркадыспансеры, і кадзіраваннем… Два з паловаю гады таму паехаў у Расію, — і там, пры невысветленых абставінах, загінуў трагічна…

 На нейкі момант я не ведаю, чым суцешыць жанчыну, і пачынаю гартаць зборнік яе вершаў “Светлыя ростані”, які выйшаў яшчэ ў 2004 годзе. Раптам мой позірк спыняецца на адным з тэкстаў, што ляжыць на яе камп’ютарным стале:

 Прыйшла на месца першага спаткання.
 Пануе восень там, а не вясна.
 Пануе вечар мой. І так далёка ранне.
 І я — адна. І я — зусім адна.
  Прыйшла ў самоце да святога храма,
 А выйшла — з промнем Божага святла.
 Я — не адна, пакуль жывая мама,
 Пакуль я веру. Значыць, аджыла.
 Адтаяла душа ў любові Божай,
 У клопатах штодзённых пра дзяцей.
 А вера несці крыж мне дапаможа.
 Кажу сабе рашуча: “Стань мацней!”

 …Вы, Марыя Браніславаўна, і ёсць моцная — сваёю вераю і духоўнасцю, мудраю мамаю і высокаадукаванымі дачушкамі. А Божыя планы адносна кожнага з нас… Хіба ж для чалавечага разумення яны спасцігальныя?

 Раіса СУШКО

 (Культурна-рэлігійны часопіс “Дыялог”).

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *