Падмурак сям’і Парфяновічаў

Падмуркам усе: дзеці, унукі і праўнукі — аднадушна лічаць Соф’ю Рыгораўну і Станіслава Іванавіча.

– Наша бабуля – гэта галава ўсяго роду, – гаворыць унучка Іна. – Яна  вельмі мудры чалавек, за ўсіх перажывае і хоча, каб ва ўсіх усё было добра. Таму ўсім дапамагае, дае парады і любіць, каб да іх прыслухоўваліся. Мы так і стараемся рабіць, бо ўжо даўно ўпэўніліся, што бабуліны словы спраўджваюцца. Дзядуля – чалавек спакойны і памяркоўны, прызнае за жонкай верх, і разам яны ўяўляюць цудоўную сямейную пару, да хатняга ачага якой мы заўсёды імкнёмся.

Тое, што Іна мае рацыю, сведчыць ужо хаця б той факт, што ў каханні і згодзе Парфяновічы пражылі па сённяшніх мерках неверагодна доўгі час – 60 год. Сямейная дарога, як і павінна быць у жыцці, не была, канечне, ідэальна роўнай, але і глыбокіх ямін на ёй мужу з жонкай удалося пазбегнуць. Брыльянтавая маладая заверыла, што сакрэт гэтаму шчасцю зусім просты: умець цярпець і прабачаць, лічыць, што муж – гэта адзіны і Богам дадзены чалавек, і тады ў дзяцей і ўнукаў абавязкова будзе самае роднае і цёплае месца на зямлі – бацькоўскі дом.

Сціплае вяселле Соф’я са Станіславам адгулялі 15 студзеня 1952 года. Станіслаў Іванавіч, які ваяваў у Прусіі і браў Кёнігсберг,  з фронту прыйшоў параненым, і рана гэта давала аб сабе ведаць усё жыццё. Ён і зараз слабы на здароўе, але догляд клапатлівай жонкі, працягвае жыццё. Пасля вяселля ў Грабучым пабудавалі хату.

Станіслаў Іванавіч некаторы час быў брыгадзірам, а потым уладкаваўся на помпавую станцыю ва ўпраўленне асушальна-арашальных сістэм. Крыху пазней забраў да сябе і жонку, якая была  паляводам. З гэтых месцаў працы яны пайшлі на пенсію. Сённяшняе ПМС заўсёды памятае пра сваіх былых работнікаў, а тым больш пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Не раз і не два дапамагала прадпрыемства Парфяновічам вырашаць самыя розныя гаспадарчыя праблемы. Дырэктар Уладзімір Шульгат і старшыня прафкамітэта Надзея Семяшчонак завіталі да юбіляраў і на брыльянтавае вяселле. Прыехалі не з пустымі рукамі, а з падарункам і кветкамі. Разам з імі маладых віншаваў старшыня Парплішчанскага сельвыканкама Антон Андрыеўскі, а таксама работнікі культуры  Алена Камінская, Ганна Кузняцова, Надзея Ліпчык.

І ўсё ж самымі чаканымі і прыемнымі для юбіляраў былі віншаванні любімых дзяцей Алега і Галіны, дарагіх унукаў і праўнукаў. Унучка Іна – гэта яшчэ адна дачка, бо гадавалі яе з трох месяцаў. Зараз яна ўжо сама маці 14-гадовай Дзіяны, у першую свабодную хвіліну ляціць у бабуліну хату, як на крылах. Муж Іны – Сяргей – яшчэ адзін, і прычым, любімы зяць у Парфяновічаў. Прыемна было бачыць, як гэта вялікая дружная сям’я завіхалася ля старэйшых свайго роду: гаварыла ім цёплыя віншавальныя словы, падносіла на святочны стол стравы, здымала вяселле на відэа-камеру і старалася прынесці бабулі з дзядулем як мага больш прыемных хвілін. Вось яно самае вялікае багацце, што нажылі Парфяновічы за доўгія 60 год!

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: на памяць з дзядулем і бабуляй.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *