Сказ пра Марыю, Сцяпана і іх памочніцу Валянціну

Да сумеснага жыцця іх звёў 30 гадоў таму рамонт даху. Марыі Панцялей, якая жыла разам з маці, спатрэбіўся работнік для перакрыцця даху новым шыферам, і яна звярнулася да Сцяпана Радзіёна. Падказалі бегамальчане, што рукасты ды адказны Сцяпан Сцяпанавіч працуе ў адной з раённых будаўнічых арганізацый і жыве непадалёк ад яе. Ён не адмовіўся “падкалыміць”. А атрымалася так, што і лёс свой знайшоў тут. У той час з жонкай, ад якой меў дарослых дзяцей, разышліся. Ён свабодны, яна – незамужняя. Сышліся. Характарамі. Знайшлі сваё шчасце і радуюцца, што разам.

Кажуць, што жанчына паспрабавала на смак усё, што толькі ёсць у пасялковай краме. Ён, бо мацнейшы на ногі, прыносіць ёй марожанае і пірожнае, прысмакі ў маленькіх пакеціках і прыгожых фанціках. Яна любіць гасцінцы. Ён – яе.  Ды і яна яго.

– Такога мужа, як у мяне, пашукаць трэба. Ніводнага разу мы з ім не паспрачаліся, нічога лішняга не нагаварылі. Я яму лепш песню праспяваю, чым сварыцца стану. Валянціна не дасць  падмануць, – ківае галавой Марыя Антонаўна на свайго сацработніка Валянціну Анатольеўну Маліцкую.

Так часта бывае, што жывуць-жывуць людзі і раптам разумеюць, што без  дапамогі ім ужо не абысціся. Марыя  Антонаўна даўно стала інвалідам другой групы па агульным захворванні. У апошні час асаблівыя нараканні мае на ногі. Вельмі баляць. Лічы, толькі па хаце можа перамяшчацца. Невялікае здароўе і ў Сцяпана Сцяпанавіча.

Пяць гадоў таму сустрэўся пажылы мужчына з сацработнікам Валянцінай Маліцкай, якая працавала ў суседзяў. Завялі размову. Яна і прапанавала сваю дапамогу. Сцяпан Сцяпанавіч  паразважаў крыху над тым, што ўжо нялёгка бялізну і падлогу мыць самому, а таксама рабіць іншыя хатнія справы, пагутарыў з жонкай, і падала заяву пажылая пара ў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва райвыканкама. З той пары трыа: два пажылыя і сацработнік – амаль неразлучнае.  А сябры якія!

– Сваім работнікам мы нацешыцца не можам, – дружна гаварылі Марыя Антонаўна і Сцяпан Сцяпанавіч. – Яна нам як родная.  Любое наша жаданне выконвае. Прынясе прадукты харчавання, вымые падлогу, бялізну, падрыхтуе хату да свята, пасадзіць агарод, дапаможа ўбраць ураджай. Бачыце, у Сцяпана кашуля прыгожая? Гэта ж Валька наша на рынку купіла. Усё, што трэба, зробіць. Вельмі шчырая. 

Такіх, як адзінокая пара Панцялей і Радзіён, у Валянціны Анатольеўны  яшчэ тры на абслугоўванні. А ўсяго – 11 чалавек. На ўсіх хапае і сіл, і цярпення ў сацработніка. А стала ім Маліцкая пасля пэўнага выпрабавання. Да 2005 года працавала на заводзе “Маналіт”. Узніклі праблемы з забеспячэннем работай,  а таму і вырашыла маладая жанчына паспрабаваць сябе ў іншай ролі. Атрымалася. Адчула, што не толькі можа, але і хоча выконваць шэраг мерапрыемстваў, каб аблегчыць жыццё людзям  адзінокім і якія  пражываюць адны .

– Калі цябе прымаюць з душой, то працаваць няцяжка, – гаворыць Валянціна Анатольеўна. – Мы са Сцяпанам Сцяпанавічам і ў агародзе разам, і на панадворку – таксама. Выконваць яго даручэнні – адно задавальненне. Напрыклад, патэлефануе раніцай і першым чынам спытае пра маё здароўе. Затым ужо і заказ зробіць. Не магу адмовіць нават у той дапамозе, якая не ўваходзіць у пералік абавязкаў сацыяльнага работніка. Дадому прыходжу стомленая, але задаволеная, бо аблегчыла жыццё тым, каму без маёй працы абысціся складана. Адзінокія людзі, у большасці сваёй, людзі шчырыя, чулыя, добразычлівыя. Ад іх набіраюся станоўчых эмоцый, душэўнай цеплыні.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: навагодні настрой стварыла В.А.  Маліцкая сямейнай пары М.А. Панцялей і С.С. Радзіён.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *