Старый год в Докшицах провожали ярко и весело

Мінулы год ужо трывала запісаўся ў гісторыю, а памяць пра яго праводзіны  яшчэ жыве ў сэрцах жыхароў раёна. З падзякай работнікам культуры за арганізацыю цудоўных навагодніх мерапрыемстваў у рэдакцыю газеты  часта звярталіся людзі: і дарослыя, і дзеці. Сапраўды, у гэтым годзе было шмат навагодніх адкрыццяў.

Упершыню ў горадзе прайшоў парад Дзедаў Марозаў і Снягурачак, які атрымаў актыўны і радасны рэзананс. Па-новаму, вельмі масава праходзілі дзіцячыя святы і ранішнікі. У гэтым годзе іх было больш чым у папярэднія. Да гэтай пары ўспамінае дзетвара пра калядныя святы “Навагодні лес – месца цудаў” і “Калядны разгуляй”. Там іх сустракалі казачныя героі, Дзед Мароз і Снягурачка, шмат гульняў, конкурсаў, цікавых заданняў, песень і карагодаў. Трэба аддаць належнае  артыстам-культработнікам за іх шыкоўнае пераўтварэнне і выдатную акцёрскую гульню, што зрабіла святы праўдзівымі і чароўнымі. Немагчыма было не паверыць у сапраўднасць Бабы Ягі, пад грымам якой хавалася Аляксандра Данілюк. Выдатна сваю мілую ролю Снягуркі выконвала Марына Сакалова. Казачных катоў і Драконаў цудоўна ігралі Пётр Яцкоўскі і Арцём Міхалевіч.  Адным словам, парадавалі ўсе выканаўцы навагодніх персанажаў.

Трэба сказаць, што не толькі горад зіхацеў святамі і ранішнікамі. Весела было і ў аграгарадках і вёсках. Там таксама яшчэ на слыху яркія ўражанні.

Ужо год у кінаканцэртнай зале “Іскра”  кожны месяц праводзяцца рэтра-вечарынкі, якія карыстаюцца папулярнасцю. Апошняя з іх праводзілася якраз на стары Новы год і называлася “За багаты, за новы, за шчодры!” Гэта было самае масавае за ўсю “рэтра-гісторыю” раёна мерапрыемства. Сабралася на свята, якое праходзіла ў выглядзе “агеньчыка”, больш за 160 чалавек. Навагоднюю нагоду выкарысталі для таго, каб адзначыць свае прафесійныя святы, банкаўскія і фінансавыя работнікі, прадстаўнікі сферы сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Шмат было пастаянных гасцей, парадавалі візітам і новыя.

Усіх, па традыцыі, шчыра вітала гаспадыня мерапрыемства, дырэктар кінаканцэртнай залы “Іскра” Крысціна Гмырак. Яна запрасіла ўсіх заняць свае месцы за прыгожымі навагоднімі сталамі і распачаць багатую  куццю, шчодры вечар.

Свята сапраўды атрымалася прыгожым і шчодрым на забавы. Пад бой курантаў ляцелі пырскі шампанскага, звінелі бакалы.  На працягу ўсёй праграмы ліліся песні, бясконца кружыліся карагоды, праводзіліся гульні і конкурсы. Не давалі засумаваць сваім гасцям артысты эстраднай студыі і тэатра-мініяцюр гарадскога Цэнтра культуры. Спачатку яны з’явіліся ў вобразах бандзюкоў, якія прыняліся збіраць даніну з прысутных “алігархаў” і “мільянераў”, потым — у жартоўных касцюмах Дзеда Мароза і Снягуркі. А калі іх абвінавацілі ў  несапраўднасці, сталі сярод гасцей выбіраць Мароза і Снягурку. У святочнае дзейства артысты-веселуны ўцягнулі ўсіх прысутных, жартавалі, раздавалі салодкія падарункі, штораз узрываючы залу гучнымі апладысментамі. Пасіўных на вечарыне не знайшлося.

Іскрынкай  рэтра-вечарынкі стала выступленне “артыстаў замежнай эстрады” Мікалая Баскава і Мансерат Кабалье. Яны радасна віталі публіку песнямі, узгадалі прафесійныя годнасці ўсіх прысутных, чым іх вельмі пацешылі. Усе засталіся вельмі задаволеныя вясёлым і культурным адпачынкам. Крысціна Іосіфаўна, у сваю чаргу,  падзякавала тым, хто дапамагае ў правядзенні мерапрыемстваў і прымае ў іх удзел.

– Напрыклад, у навагоднім парадзе Дзедаў Марозаў і Снягурачак прыняло ўдзел больш за 50 чалавек, якія працуюць у розных арганізацыях, установах і прадпрыемствах раёна! Толькі дзякуючы іх актыўнасці і спагадлівасці, падзея атрымалася відовішчнай, – адзначыла дырэктар кінаканцэртнай залы “Іскра”.

Калі меркаваць па выказванні: “Як сустрэнеш Новы год, так яго і правядзеш”, – будучы год у дакшычан будзе не сумным.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: “біндзюжнікі” збіраюць даніну з докшыцкіх “алігархаў”.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *