В Докшицком районе такие люди являются примером

Галіна Лынько жыве і працуе ў вёсцы Бярозкі. Нядаўна ў яе адбыўся юбілей і прыпаў ён на светлы дзень Хрыстова Нараджэння. Менавіта 7 студзеня да яе завіталі высокія госці: старшыня ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Наталля Бортнік і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Іван Грыцкевіч, якія прывезлі Грамату ўпраўлення і падарункі. Юбілярка разгубілася ад такой увагі, а кіраўнік аграрыяў раёна сказала: “Такія людзі, як вы, з’яўляюцца прыкладам таго, як трэба любіць сваю зямлю і працу”.

 
Па словах Івана Уладзіміравіча, з такімі працаўнікамі, як Галіна Лынько, сапраўды можна было горы звярнуць. Яе зорны час прыпаў на пачатак 70-х гадоў, калі даярка з саўгаса імя Чэрныша за высокія дасягненні ў працы была ўзнагароджана ордэнам “Знак пашаны”, а потым медалём “За доблесную працу”. Нягледзячы на свой больш чым паважаны юбілей, яна працуе ў сельскай гаспадарцы і зараз.
 
Сёння мы папрасілі Галіну Мікалаеўну адказаць на пытанні рубрыкі “Сустрэча з цікавым чалавекам”.

1.Чалавек пачынаецца з сям’і, з малой радзімы. Дзе вашы карані?

– Я – тутэйшая. Нарадзілася ў вёсцы Шыленцы ў самую вайну. Тата партызаніў, пасля вайны вярнуўся на радзіму ў Расію і там застаўся. Дзвюх дачок і яшчэ пляменніцу матуля гадавала адна. Сказаць, што было цяжка, значыць нічога не сказаць. Таму я, як толькі скончыла 7 класаў, адразу пайшла працаваць, хаця вельмі хацелася вучыцца далей. Працоўную дзейнасць пачынала з падвозчыцы малака, гэта значыць, вазіла малако з фермы на сепаратарны пункт. Голадна тады вельмі было ў калгасе, за працадні амаль нічога не плацілі, жылі з агарода і лесу. Ад галечы ўцякла ў Мінск у нянькі. Трапіла ў яўрэйскую сям’ю. Добрыя былі людзі, прыжылася ў іх як дачка. Хто ведае, як бы склалася маё жыццё, каб там засталася. Але маці даслала пісьмо, што у нас арганізавалі саўгас і за работу зараз плацяць грошы. Кінула я тады сталіцу і вярнулася дадому. Шчыра кажу, любіла я вёску, зямлю, на якой была прывучана працаваць з дзяцінства. Сэрца радавалася ўсяму: грыбам у лесе, статку, што ідзе з пашы, ранішняй зорцы. А работы я ніколі не баялася, маладая была, руплівая.

2. У нас ва ўсіх ёсць настаўнікі. Хто вёў вас па жыцці?

– Да сённяшняга дня ўспамінаю добрым словам сакратара парткама Уладзіміра Кандратавіча Акуняўца. Гэта ён паказаў мне дарогу ў жыццё. Я ўжо была замужам, нарадзіла дваіх дзяцей, працавала даяркай на ферме, калі ён пачаў мяне ўцягваць у грамадскае жыццё. Даручэнне якое дасць, у камісію ўключыць. Я стараюся, каб апраўдаць давер, ды і цікава было. Усё старалася рабіць ад душы. Магчыма таму выбралі мяне дэпутатам спачатку сельскага Савета, а потым і абласнога. На сесіі ездзіла разам з Ульянай Феакцістаўнай Крышталевіч і Мікалаем Іосіфавічам Усціным. Цудоўныя людзі, простыя ў абыходжанні і адданыя сваёй справе. Шмат чаму ў іх навучылася. Яшчэ адзін мой настаўнік – гэта Іван Уладзіміравіч Грыцкевіч. Прыйшоў ён да нас дырэктарам гаспадаркі, прыгледзеўся і прызначыў мяне галоўным заатэхнікам. Я да таго часу ўжо сельгастэхнікум закончыла. Смелы і разумны быў дырэктар. Я з ім не баялася ні на якія эксперыменты ісці. Затое прывагі ў жывёлы былі вялікія, і ў лютым мы ўжо закрывалі план па здачы мяса за паўгоддзе.

3. Хто яны, вашы блізкія, якіх трэба палюбіць, як самую сябе?

– Канечне, гэта мая сям’я. Муж Віктар Сяргеевіч, на жаль, памёр даволі рана, не паспеў і пенсію атрымаць. Усе мае клопаты і любоў пасля гэтага засталіся любімым сынам Алегу і Сяргею. Мне вельмі пашанцавала з нявесткамі. Ірына і Людміла – гэта як родныя дочкі, якія заўсёды памятаюць, як радуецца маці іх прыезду. Не абмінаюць бабуліну хату і ўнукі. Кожнае лета прыязджаюць з Мінска і Маладзечна на адпачынак да бабулі ў Бярозкі.

4. Ваша прафесійная дзейнасць – гэта..?

– Я – сялянка, а па прафесіі і прызванні душы – жывёлавод. На пенсію выйшла ў 1999 годзе з пасады галоўнага заатэхніка. Пабыла дома паўгода і папрасілі выйсці часова на працу загадчыцай фермы. Зараз працую загадчыцай склада і бегаю на ферму кожны дзень з інспектарскай праверкай. Пра праверку я, канечне, жартую. Дзякуй сённяшнім работнікам, загадчыцы Зоі Валасевіч, што не крыўдзяцца на мяне за падказку, а бывае, і прыслухоўваюцца. Я ім зайздрошчу — гэта ж, каб нам такія ўмовы працы! Чыста, цёпла, лёгка. Даяркі на ферме каву п’юць, па мабільніку звоняць. А ўсё роўна заставацца ніхто не хоча ў вёсцы. Сённяшнія аграгарадкі ды пабудаваць гадоў 30 таму, магчыма б, тады і ўтрымалі людзей.

5. Вашы захапленні?

– Люблю выконваць усялякую работу, без справы рукам — моташна на душы. А калі замаруся – чытаю. Выпісваю восем перыядычных выданняў і ўсе прачытваю ад коркі да коркі. Наогул, люблю мастацтва. Яшчэ некалькі год таму выходзіла на сцэну спяваць.

6. Якія рысы характару чалавека выклікаюць прыхільнасць, якія – адмоўныя пачуцці?

— Люблю людзей шчырых, прамых і не пераношу ліслівасці, маны.

7. Самы шчаслівы ваш дзень?

– Канечне, дзень нараджэння маіх дзяцей: 29 мая 1966 і 6 снежня 1968 гадоў.

8. Азіраючыся назад, аб чым шкадуеце?

– Шкадую аб адным учынку, які, не падумаўшы, здзейсніла некалькі год таму. Але ён датычыцца асабістага жыцця, таму не хачу аб гэтым гаварыць.

9. Ці актуальна сёння, па вашым меркаванні, выказванне: “Не май сто рублёў, а май сто сяброў?”

– Я чалавек камунікабельны і заўсёды акружана людзьмі. Сярод іх ёсць такія, без якіх складана было б пражыць. Усе выпрабаванні прайшло наша сяброўства з Нінай Гайчук, Галінай Шавель, Нінай Плуч, Мікалаем Старычонкам. З маладзейшых – са Святланай Аксючыц. Не раз яны мне дапамагалі ў жыцці. На мой погляд, калі ў чалавека няма сяброў, то гэта сведчыць не на яго карысць.

10. Што галоўнае для вас: праца, сям’я, кар’ера, грошы?

– Кар’ера не цікавіла ніколі, і нават калі была галоўным заатэхнікам – начальнікам сябе не адчувала, адказнасць толькі была большай. Працаваць і не атрымліваць зарплату, згадзіцеся, таксама нецікава. А працуем і зарабляем грошы мы ўсё для той жа сям’і. Яна — самае галоўнае для любога чалавека, а для жанчыны тым больш. Калі добра дома і на працы – усё ў руках гарыць.

Размаўляла Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Фота В. Чарвінскага.

Один комментарий для “В Докшицком районе такие люди являются примером

  • 04.03.2012 в 6:08 пп
    Permalink

    ПОСЛЕ ПРОЧТЕНИЯ ЭТОЙ СТАТЬИ ГАЛИНА ПАРФЯНОВИЧ УЗНАЛА СВОЮ СОСЕДКУ И ПОДРУГУ МОЛОДОСТИ ГАЛИНУ ЛЫНЬКО С КОТОРОЙ НЕ ВИДЕЛАСЬ 40 ЛЕТ И БЫЛА ОЧЕНЬ РАДА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *