Женщина-мать и женщина-труженица

Яна любіць прысесці на канапе, уключыць тэлевізар і паглядзець на фотаздымкі трох сыноў-салдатаў, якія абараняюць пакой і сялянскую працу любай матулі, дзвюх сясцёр і, канечне, усіх грамадзян Беларусі.

Вольга Аляксандраўна Іванова (на здымку) – патомная жыхарка вёскі Порплішча. Тут яна нарадзілася, тут і прымяненне сабе знайшла. Праўда, калі быць дакладным, то паспрабавала гарадскога хлеба. Нават не хлеба, а булак. Пасля заканчэння  кулінарнага вучылішча атрымала спецыяльнасць пекара і ўладкавалася ў Мінск. Працавала на новым хлебазаводзе, дзе былі створаны ўсе ўмовы для работнікаў. Аднак, калі спатрэбілася яе дапамога дома, бо захварэла маці, Вольга вярнулася ў вёску.

Пайшла ў жывёлагадоўлю. Папрасілі на працу асемянатара. Сястра Вольгі, якая мела спецыяльнасць заатэхніка і рэалізоўвала свае веды на практыцы ў Шаркаўшчынскім раёне, адобрыла прапанову кіраўніцтва і падпіхнула яе на згоду. Вось так і стала Вольга жывёлаводам.

Доўгі час яна працавала на свінаферме. Была перадавой свінаркай. Умела дабівалася стабільных вынікаў. Паказвала прыклад маладым, вучыла іх. Мабыць і на пенсію пайшла б з гэтай “пасады”. Ды ў Варганах пабудавалі новую ферму. У поўным сэнсе новую. Патрабаваліся кадры, якія б і адказнасць мелі, і жывёлу любілі, і даяркамі не былі. Кажуць, што лягчэй навучыць працаваць, чым перавучваць. Вользе зноў прапанавалі. Пасля роздуму яна пагадзілася.

– Гэта здаецца, што паколькі даенне кароў ідзе па новай тэхналогіі, усё механізавана і камп’ютарызавана, то людская праца зменшана да мінімуму, – тлумачыць нам Вольга Аляксандраўна. – Не зусім так. У нашай справе трэба ведаць стан кожнай жывёліны, дапамагчы пры лячэнні, расфарміраваць, сцадзіць, дадаіць і г.д. Самі мы  ўбіраем і даільную залу.  Спраў хапае. Увесь дзень на нагах, у клопатах. Зараз пры ўвядзенні другой чаргі фермы,  дойны статак павялічыўся да 412 галоў. Пакуль каровы ў запуску, то спраўляемся, а як будзе далей – невядома. Кіраўніцтва гаспадаркі трымае гэты аспект на кантролі, а мы разлічваем свае сілы.  

Рабочы рытм не змяншаецца ў вясковай жанчыны і дома. Шмат спраў па гаспадарцы, хоць у апошні час яна трымае толькі пярнатую жыўнасць і агарод. З пяцярых дзяцей, якія нарадзіліся ў сям’і Івановай, толькі малодшы яшчэ школьнік, на матчыным хлебе жыве. Цяпер матулі стала лягчэй, а пасля смерці мужа, які памёр 17 гадоў назад, падняць на ногі малых было праблемна. Новы дом, які пабудавала гаспадарка для шматдзетнай маці і перадавога жывёлавода, цешыць сваёй утульнасцю і камфортам. Сюды збіраюцца сябры дзяцей і яе сябры, родзічы, блізкія. Жыватворнай крыніцай б’е энергія гэтай не па гадах маладой і энергічнай жанчыны. У свае 50 яна выглядае выдатна. Нягледзячы на тое, дома яна ці на рабоце, у святочным убранні ці спецвопратцы. Свой залаты юбілей таксама сустрэла на працы.

– Мабыць гэта і няблага, – разважае Вольга Аляксандраўна, – бо менавіта тут адчула  шчырасць у адносінах да сябе з боку раённай улады, мясцовага кіраўніцтва, таварышаў па працы.

В.А. Іванову віншавалі начальнік райсельгасхарчу Н.П. Бортнік, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК І.У. Грыцкевіч, дырэктар ДП “Порплішча” І.А. Камзакоў, таварышы па працы. Дзеці. Тыя, якія побач, і тыя, якія стаяць на варце мірнага жыцця.

Матчынай гордасцю з’яўляюцца ўсе, каму яна дала жыццё. Яна ўсіх любіць аднолькава моцна і да самазабыцця, клапоціцца пра іх, дапамагае, аднак сёння на першым месцы стаяць трое абаронцаў Айчыны: старэйшы сын і сыны-блізняты, якія носяць пагоны.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *